Поўная версія
Іван Лаўрыновіч

Прыёмы грамадзян у раёнах паказваюць сваю эфектыўнасць

Меркаванні 28.05.2019 | 17:39
Іван Лаўрыновіч Іван Лаўрыновіч Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектар па Гродзенскай вобласці

Прыёмы грамадзян і прамыя лініі ў малых населеных пунктах паказваюць сваю эфектыўнасць, практыку іх правядзення неабходна прадоўжыць. Такое меркаванне выказаў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч у час прыёму грамадзян па асабістых пытаннях у Воранаўскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Прыём і прамая тэлефонная лінія былі арганізаваны 28 мая ў Радунскім сельскім савеце.

"Важна праводзіць прамыя лініі і сустрэчы з людзьмі не толькі ў гарадах і раённых цэнтрах, але і ў такіх невялікіх населеных пунктах. Гэта дае магчымасць эфектыўна вырашыць праблемы, убачыць сферы, якім трэба ўдзяліць больш увагі, - адзначыў Іван Лаўрыновіч. - Паступаюць пытанні рознага характару - ад добраўпарадкавання жылля і да міжасобасных адносін. Прыемна, што практычна ўсе пытанні, якія павінна вырашаць мясцовая ўлада, здымаюцца. Часам ім неабходна толькі падказаць або накіраваць. А праблемы, што патрабуюць умяшання абласной або рэспубліканскай улады, вядома, будуць узяты на кантроль".

У прыватнасці, па выніках сённяшняга прыёму дадзена даручэнне прапрацаваць у бягучым годзе пытанне з дадатковым прыпынкам у гарадскім пасёлку Радунь. Пакуль ёсць толькі адзін у пачатку населенага пункта, з іншага канца людзям даводзіцца ісці 2 км. Цяжка ў першую чаргу пенсіянерам, таму яны і звярнуліся па дапамогу. Дадаткова разгледзяць пытанне з добраўпарадкаваннем вуліц Захарэвіча і Асокіна ў Радуні, дзе, паводле слоў мясцовых жыхароў, трэба прывесці ў парадак пакрыццё і ўстанавіць вулічнае асвятленне.

Па выніках звароту пенсіянеркі з Радуні мясцовым уладам даручана неадкладна абследаваць і пры неабходнасці ўстараніць праблемы з дахам у адным з чатырохкватэрных дамоў па вуліцы Савецкай. У далейшым неабходна прыняць рашэнне аб рэканструкцыі або рамонце дома.

На прыём звярнуліся і двое інвестараў з Навагрудскага раёна. Уклаўшы каля $5 млн у будаўніцтва ветраэлекстрастанцый, яны не могуць нармальна эксплуатаваць чатыры ветракі з-за папяровай валакіты і рознай трактоўкі заканадаўства. Пытанне будзе ўзята на кантроль. Іван Лаўрыновіч адзначыў, што ведамствам неабходна прыняць адзінае кіраўніцкае рашэнне, каб не запавольваць развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі.

Па іншых пытаннях, якія ў тым ліку датычацца падключэння электраэнергіі да былога бацькоўскага дома ў адной з вёсак, выкупу службовага жылля, пошуку работы, усім, хто пазваніў на прамую лінію, таксама былі дадзены канкрэтныя адказы і растлумачэнні. З некаторымі зваротамі будуць працаваць мясцовыя ўлады.

Поўная версія