Поўная версія
Анатоль Ісачанка

Пры рабоце з асабістымі праблемамі грамадзян важна ўлічваць меркаванне ўсіх бакоў

Меркаванні 05.09.2018 | 17:58

Пры рабоце з асабістымі праблемамі грамадзян важна ўлічваць меркаванне ўсіх бакоў. Такі пункт гледжання выказаў журналістам старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка 5 верасня пасля асабістага прыёму грамадзян у Старых Дарогах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На сённяшні прыём грамадзян людзі прыйшлі ў асноўным са сваімі асабістымі праблемамі, якія, на жаль, не вырашаюцца на працягу многіх гадоў. Будзем з кожным з іх асобна разбірацца і думаць, чым і як зможам дапамагчы ў такім выпадку. Важна гэта зрабіць так, каб не выклікаць негатыўнай рэакцыі з боку суседзяў, наймальнікаў або каго-небудзь яшчэ. Прычым у рамках прававога рэчышча", - падкрэсліў Анатоль Ісачанка.

На асабісты прыём грамадзян прыйшлі пяць чалавек. Першай аб сваёй праблеме губернатару расказала жыхарка аграгарадка Залужжа. Маці пяці дзяцей да гэтага часу не ўзнагароджана ордэнам Маці, хоць звярталася за садзейнічаннем у яго атрыманні ў мясцовы орган працы і сацабароны. Выслухаўчы начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Старадарожскага райвыканкама Станіслава Валожынскага, Анатоль Ісачанка даручыў разабрацца ў гэтым пытанні і, калі сям'я характарызуецца станоўча, афармляць дакументы на атрыманне ўзнагароды. "Думаю, у гэтым выпадку размова ідзе аб недаглядзе ўлад на мясцовым узроўні. Мы правядзём свой разбор, вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасці, калі ўзнікне неабходнасць", - пракаменціраваў Анатоль Ісачанка.

Яшчэ два чалавекі папрасілі дапамогі ў працаўладкаванні. Так, жыхарка аграгарадка Горкі паскардзілася, што не можа ўладкавацца на работу ў школу ў родным населеным пункце, хоць прапрацавала настаўнікам хіміі шмат гадоў. А жыхару вёскі Старыя Фалічы з-за хваробы ўрачы парэкамендавалі перавесціся на іншую пасаду з меншай нагрузкай. Прычым прапанаванае месца стоража мужчыну не задаволіла. Анатоль Ісачанка выслухаў абодвух заяўнікаў і абяцаў разабрацца.

Таксама ўзнімаліся тэмы транспартнага забеспячэння, якасці работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аказання рэабілітацыйнай дапамогі людзям з ДЦП.

Поўная версія