Поўная версія
Дзмітрый Крутой

Поспех Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка сёння залежыць ад яго рэзідэнтаў

Меркаванні 13.05.2019 | 19:32
Дзмітрый Крутой Дзмітрый Крутой Міністр эканомікі Беларусі

Поспех Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" цяпер залежыць ад яго рэзідэнтаў. Такое меркаванне выказаў міністр эканомікі Дзмітрый Крутой на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Дню парка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Этап будаўніцтва інфраструктуры, выбудоўвання ўмоў, стварэння нейкіх нарматыўных дакументаў у цэлым ужо мінуў, і цяпер поспех праекта залежыць у першую чаргу ад нашых рэзідэнтаў, - адзначыў Дзмітрый Крутой. - У бліжэйшыя гады мы, напэўна, ужо не зможам у такой колькасці рэгістраваць новыя кампаніі і засяродзімся перш за ўсё на рэалізацыі падпісаных праектаў".

Паводле слоў кіраўніка адміністрацыі індустрыяльнага парка "Вялікі камень" Аляксандра Ярашэнкі, менавіта выхад рэзідэнтаў на этап эксплуатацыі і перадэксплуатацыйных работ з'яўляецца адным з важнейшых крокаў на шляху рэалізацыі гэтага праекта. Сёння, паводле яго слоў, налічваецца ўжо 28 прадпрыемстваў, якія або пачалі выпуск сваёй прадукцыі ў парку, або знаходзяцца на стадыі актыўнага будаўніцтва.

"Дзякуючы нашым рэзідэнтам у парк прыйшлі тэхналогіі вытворчасці інавацыйнай прадукцыі, запатрабаванай у прамысловасці, медыцыне, іншых галінах, актыўна развіваюцца такія важныя напрамкі, як лагістыка, навуковыя даследаванні, захоўванне і апрацоўка вялікіх аб'ёмаў даных", - падкрэсліў Аляксандр Ярашэнка.

Сярод найбольш вялікіх прадпрыемстваў, якія ўжо выпускаюць сваю прадукцыю, - ТАА "МАЗ-Вейчай", ТАА "Чэнду Сіньджу Шаўковы Шлях Развіццё". Плануецца, што ў гэтым годзе будзе запушчана яшчэ каля дзесяці вытворчасцей. Найбольш маштабным з іх, паводле слоў кіраўніка адміністрацыі парка, з'яўляецца IPG Photonics кампаніі RuchTech (амерыканскі вытворца валаконных лазераў). "Гэта вельмі высокатэхналагічная прагрэсіўная вытворчасць, якая, я спадзяюся, стане флагманам для нашай галіны, звязанай з лазерным абсталяваннем", - адзначыў Аляксандр Ярашэнка. Увесці ў эксплуатацыю прадпрыемства плануецца ўжо ў чэрвені.

Што датычыцца вытворчасцей, будаўніцтва якіх плануюць пачаць у бягучым годзе, Аляксандр Ярашэнка вылучыў вытворчасць па выпуску проціпажарных робатаў: "Вельмі цікавае прадпрыемства. Мы спадзяёмся, што ў бягучым годзе яны ўвойдуць у актыўную стадыю свайго будаўніцтва і, магчыма, ужо да канца гэтага - пачатку наступнага года будуць выпускаць прадукцыю".

Сёння ў "Вялікім камені" прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню парка. У прыватнасці, была адкрыта ганаровая дошка рэзідэнтаў, чые вытворчасці ўжо ўведзены ў эксплуатацыю, а таксама тых, чые знаходзяцца на актыўнай стадыі будаўніцтва. Акрамя таго, адбылося ўзнагароджванне лепшых будаўнічых праектаў Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка.

Поўная версія