Поўная версія
Уладзімір Варапаеў

Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца для беларусаў храмам памяці

Меркаванні 22.10.2019 | 16:49
Уладзімір Варапаеў Уладзімір Варапаеў Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца для беларусаў храмам памяці, заявіў журналістам дырэктар установы Уладзімір Варапаеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наш музей - гэта храм памяці, месца, што дае магчымасць кожнаму чалавеку ўсвядоміць каштоўнасць міру. Наша задача - паказаць наведвальнікам, якой цаной дасталася Вялікая Перамога і што будучыя пакаленні павінны зрабіць, каб такія падзеі ніколі не паўтарыліся. Цяпер многія стараюцца перапісаць гісторыю, а наш музей існуе, каб данесці праўду аб вайне, - сказаў Уладзімір Варапаеў. - У нашых фондах захоўваюцца ўнікальныя рарытэты. Кожны з гэтых прадметаў дарагі для нас".

За апошнія 5 гадоў Музей гісторыі ВАВ наведалі прадстаўнікі больш як 100 дзяржаў. Сярод лідараў - Расія, Кітай, ЗША, Вялікабрытанія, Турцыя і Германія. "Нам ёсць што паказаць і расказаць. Кожны чалавек пасля наведвання нашага музея пачынае ўсведамляць усю глыбіню трагедыі і гераізму савецкага народа, праяўленага ў гады вайны. Наш народ заваяваў гэту Вялікую Перамогу, і мы нікому яе не аддадзім, - падкрэсліў Уладзімір Варапаеў. - У сваю чаргу музей не стаіць на месцы, мы стараемся абнаўляць нашы экспазіцыі і здзіўляць сваіх наведвальнікаў".

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў 22 кастрычніка 1944 года ў адным з уцалелых у гады вайны будынкаў - Доме прафсаюзаў на плошчы Свабоды. У 1966 годзе музей перамясціўся ў будынак па праспекце Леніна, 25а (цяпер праспект Незалежнасці). Па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі ў красавіку 2010 года пачалося ўзвядзенне новага будынка музея на праспекце Пераможцаў. Цырымонія адкрыцця прайшла 2 ліпеня 2014 года.

Фонды музея, якія складаюцца з 30 калекцый, налічваюць звыш 154 тыс. адзінак захоўвання. Гэта фотаздымкі, дакументы, пісьмы, асабістыя рэчы франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў. Асаблівую значнасць маюць калекцыі рукапісных партызанскіх часопісаў і самаробнай партызанскай зброі. Часопісы з'яўляюцца своеасаблівай энцыклапедыяй жыцця партызан Беларусі, а кожны прадмет з калекцыі самаробнай зброі створаны рукамі таленавітых партызанскіх майстроў-збройнікаў.

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны па праву лічыцца нацыянальным здабыткам краіны. Ён захоўвае памяць аб незаменных стратах і неймаверных цяжкасцях, якія вынес на сваіх плячах беларускі народ у гады вайны.

Поўная версія