Поўная версія
Ірына Касцевіч

Клопат пра ветэранаў вайны - абавязак нашчадкаў

Меркаванні 04.05.2019 | 14:38
Ірына Касцевіч Ірына Касцевіч Міністр працы і сацыяльнай абароны

Клопат пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, стварэнне ўсіх умоў для іх камфортнага пражывання - задача пастаянная. Аб гэтым заявіла 4 мая міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч у час наведвання Рэспубліканскага інтэрната ветэранаў вайны і працы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Не толькі 9 мая, але і на кожнае свята - Новы год, Каляды - мы стараемся прыязджаць у інтэрнат. Для нас гэта стала добрай традыцыяй. Тут заўсёды патрэбна ўвага, рады сустрэчы. Нам хочацца стварыць атмасферу дамашняй цеплыні і ўтульнасці, таму што інтэрнат стаў сапраўдным домам больш як для 100 пажылых людзей, - сказала Ірына Касцевіч. - Паводле апошніх даных, у рэспубліцы пражываюць больш за 6 тыс. ветэранаў ВАВ і больш за 15 тыс. пацярпелых ад наступстваў вайны. Сярод удзельнікаў вайны два Героі Савецкага Саюза - Васіль Мічурын, якому 103 гады, і Іван Кустаў - яму ў бягучым годзе споўнілася 95 гадоў. Усяго ў Беларусі ў дамах-інтэрнатах пражываюць 300 ветэранаў, якія акружаны клопатам і ўвагай. Стараемся аказаць любую дапамогу тым, хто адзінока пражывае, каб яны маглі заставацца ў родным доме. Гэта вельмі важна для пажылых людзей. Наша задача - аказаць максімальную падтрымку ўсім ветэранам ВАВ".

Як адзначыла міністр, у бягучым годзе праведзена абследаванне матэрыяльна-бытавых умоў больш як 20 тыс. чалавек. І ў 90 працэнтах былі задаволены заяўкі на рамонт памяшканняў і пячнога ацяплення, добраўпарадкаванне тэрыторый.

Адным з падарункаў рэспубліканскаму інтэрнату стаў падрыхтаваны вучнямі сярэдняй школы нумар 7 Мінска святочны канцэрт. Пасля музычнага віншавання было арганізавана чаяпіцце. Ветэраны маглі падзяліцца сваімі гісторыямі і паразмаўляць з ганаровым гасцямі ў дамашняй абстаноўцы.

У інтэрнаце пражываюць 113 пажылых грамадзян, у тым ліку 39 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з іх 8 інвалідаў і 18 удзельнікаў вайны, 13 працаўнікоў тылу, а таксама 12 былых вязняў. Ва ўсіх нялёгкі лёс і розныя гісторыі, але аб'ядноўваюць іх агульны дах аднаго вялікага дома і вялікая дружба. Напрыклад, 97-гадовы Мікалай Куранкоў абараняў Ленінград, 96-гадовы Міхаіл Апалонаў быў сувязістам Чырвонай Арміі, 95-гадовая Людміла Пяўнёва - падпольшчыцай. Ва ўстанове пражывае і 96-гадовы народны мастак Беларусі Віктар Грамыка. Сярэдні ўзрост падапечных інтэрната - 89 гадоў. Тут яны атрымліваюць максімальны набор паслуг: сацыяльную і медыцынскую дапамогу.

Поўная версія