Поўная версія
Мікалай Шарстнёў

Ідэя нацыянальнай дзяржавы праходзіла праз усе пакаленні беларусаў

Меркаванні 03.07.2019 | 18:00
Мікалай Шарстнёў Мікалай Шарстнёў Старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта

Ідэя нацыянальнай дзяржавы праходзіла праз усе пакаленні беларусаў на працягу тысячагадовай гісторыі. Такое меркаванне выказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў на ўрачыстым мітынгу, прысвечаным Дню Незалежнасці Беларусі ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Мікалая Шарстнёва, галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці непарыўна звязана з важнейшай падзеяй у айчыннай гісторыі - вызваленнем ад нацызму. Гэта з'яўляецца сімвалам адзінства і з'яднанасці народа ў барацьбе за свабоду і незалежнасць. "Вытокі беларускай дзяржаўнасці знаходзяцца на нашай зямлі - у старажытным Полацку. Тут бярэ пачатак палітычнае і эканамічнае яднанне беларусаў. Ідэя нацыянальнай дзяржавы праходзіла праз усе пакаленні на працягу тысячагадовай гісторыі. Яркім святлом ззяюць імёны нашых слаўных землякоў Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, больш блізкіх нам па часе Пятра Машэрава, Льва Даватара, Васіля Быкава, Жарэса Алфёрава і многіх іншых, якія пакінулі прыкметны след у гісторыі і культуры Віцебшчыны", - адзначыў губернатар.

Працэс стварэння дзяржавы быў доўгі і няпросты. Вызначальным тут стала ХХ стагоддзе, яго вялікія і драматычныя падзеі. "У пачатку гэтага года мы адзначылі 100-годдзе БССР. Савецкі вопыт будаўніцтва беларускай дзяржаўнасці павучальны і ў нашы дні. У тыя гады былі закладзены асновы індустрыяльнага развіцця, атрыманы багаты аграрны патэнцыял, расцвіла нацыянальная культура", - сказаў кіраўнік вобласці.

Мікалай Шарстнёў акцэнтаваў увагу на найвялікшых выпрабаваннях, якія выпалі на долю беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гісторыя захоўвае нямала прыкладаў сапраўднай мужнасці людзей, праяўленай у бітвах на віцебскай зямлі. "На Віцебшчыне дзейнічала 59 партызанскіх брыгад, два палкі - трэць усяго складу беларускага партызанскага руху. Да канца 1943 года звыш 60 працэнтаў тэрыторыі вобласці знаходзілася пад пастаянным кантролем партызан. Вялікую дапамогу ім аказвалі падпольшчыкі - падполле рэгіёна было адным з найбольш шматлікіх і дзейсных у краіне", - дадаў губернатар.

За час акупацыі загінулі 244 тыс. жыхароў вобласці. Больш за 100 тыс. былі адпраўлены ў рабства ў Германію. У тагачасных Асвейскім, Бягомльскім, Дубровенскім і Расонскім раёнах не засталося ні аднаго ўцалелага паселішча.

"Гістарычная сувязь пакаленняў з'яўляецца асновай развіцця грамадства. Памяць - гэта трывожны звон гісторыі. Ён папярэджвае свет, што любая вайна - гэта безразважнасць, ні адна мэта не варта чалавечага жыцця. Вайна пакінула глыбокі след у генетычнай памяці беларусаў. Сёння мы павінны быць дастойнымі гістарычнай эстафеты, перададзенай нам пакаленнем Пераможцаў", - падкрэсліў Мікалай Шарстнёў.

Святочныя мерапрыемствы ў Віцебску стартавалі з адкрыцця мемарыяльнай дошкі ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны, ганароваму грамадзяніну Віцебска Мікалаю Сакмаркіну. Пасля запальвання агню каля памятнага знака "Ордэн Перамогі" ўдзельнікі прайшлі ўрачыстым шэсцем па Маскоўскім праспекце да плошчы Перамогі і Вечнага агню. Да яго кіраўніцтва вобласці і госці свята ўсклалі кветкі і вянкі. Потым адбыўся мітынг і парад, які ў першым радзе глядзелі ветэраны. На розных пляцоўках горада прадаўжаецца святкаванне Дня Незалежнасці.

З 21.00 на плошчы Перамогі пройдзе канцэрт "За моцную і квітнеючую Беларусь", які завершыцца акцыяй "Спяём гімн разам!" і салютам.

Поўная версія