Поўная версія
Яні Багоеўскі

Бязвізавы рэжым дасць магчымасць грамадзянам Македоніі больш даведацца пра Беларусь

Меркаванні 27.01.2017 | 16:47
Яні Багоеўскі Яні Багоеўскі Саветнік-пасланнік пасольства Македоніі ў Расіі і Беларусі (па сумяшчальніцтве)

Бязвізавы рэжым дасць магчымасць грамадзянам Македоніі больш даведацца пра Беларусь. Такое меркаванне выказаў у размове з карэспандэнтам БЕЛТА саветнік-пасланнік пасольства Македоніі ў Расіі і Беларусі (па сумяшчальніцтве) Яні Багоеўскі, каменціруючы ўказ Прэзідэнта Беларусі аб увядзенні з 12 лютага бязвізавага ўезду для грамадзян 80 дзяржаў.

Македонскі дыпламат паведаміў, што інфармацыя аб гэтым указе была адразу ж пасля яго абнародавання перададзена ў Скоп'е ў Міністэрства замежных спраў. "Гэта рашэнне вельмі цікавае, лічым, што яно пазітыўна паўплывае на наведванне Беларусі бізнесменамі і турыстамі", - адзначыў Яні Багоеўскі.

Паводле яго слоў, крокі македонскага боку ў адказ па аблягчэнні візавага рэжыму для беларускіх грамадзян, магчыма, будуць абмяркоўвацца на першым пасяджэнні беларуска-македонскай міжурадавай камісіі, якое намечана правесці ў бягучым годзе.

Яні Багоеўскі ў ліку іншых прадстаўнікоў акрэдытаваных у Маскве замежных дыпмісій прыняў удзел у брыфінгу па пытаннях рэалізацыі ўказа Прэзідэнта Беларусі аб увядзенні бязвізавага рэжыму, які адбыўся сёння ў пасольстве Беларусі ў Расіі.

Указам Прэзідэнта Беларусі нумар 8 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку, уезду і выезду замежных грамадзян" устанаўліваецца бязвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін не больш як пяць сутак пры ўездзе праз пункт пропуску праз Дзяржаўную граніцу Нацыянальны аэрапорт Мінск для грамадзян 80 дзяржаў. Дзеянне дакумента распаўсюджваецца на 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўрасаюз, а таксама Бразілію, Інданезію, ЗША, Канаду, Японію і іншыя дзяржавы. У першую чаргу гэта бяспечныя ў міграцыйным плане краіны, стратэгічныя партнёры Беларусі, дзяржавы, у аднабаковым парадку ўсталявалі бязвізавы рэжым у дачыненні да беларускіх грамадзян.

Поўная версія