Поўная версія
Чэн Чаа

Беларусь з'яўляецца важнай часткай праекта "Адзін пояс і адзін шлях"

Меркаванні 16.04.2019 | 17:50
Чэн Чаа Чэн Чаа Карэспандэнт кітайскага тэлеканала JSBC

Беларусь з'яўляецца важнай часткай праекта "Адзін пояс і адзін шлях". Такое меркаванне ў размове з беларускімі журналістамі ў час наведвання індустрыяльнага парка "Вялікі камень" выказаў карэспандэнт кітайскага тэлеканала JSBC Чэн Чаа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь - гэта важны пункт праекта "Адзін пояс і адзін шлях". У канцы красавіка ў Пекіне будзе праводзіцца саміт гэтай ініцыятывы, таму я прыехаў у Беларусь, каб даведацца больш пра вашу краіну, пра тое, як тут рэалізуецца праект", - сказаў Чэн Чаа.

"Вялікі камень" - першы аб'ект, які ў час прэс-туру наведалі кітайскія журналісты. Паводле слоў замежнага госця, яго ўразіла, як хутка будуецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк, і парадавала, што тут актыўна выкарыстоўваецца вопыт яго роднай краіны. У прыватнасці, размова ідзе аб цэнтры "адна станцыя" па комплексным абслугоўванні рэзідэнтаў і інвестараў.

Шэф-карэспандэнт міжнароднага радыё Кітая ў Расіі Ван Юйюнь таксама сказала, што ёй цікава паглядзець, што ўжо зроблена з дня старту ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях". "Мы ведаем, што індустрыяльны парк - гэта вельмі добры прыклад супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы", - сказала журналіст. Яе і калег цікавіць, які ўклад уносіць парк у эканамічнае развіццё краін, як праект дапамагае развіццю прамысловасці ў Беларусі, а таксама ці садзейнічае яго рэалізацыя паляпшэнню ўзроўню жыцця грамадзян.

Адказваючы на пытанне, ці была Ван Юйюнь на аб'ектах, якія будуюцца ў рамках ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях" у іншых краінах, журналіст адказала, што гэта першы аб'ект такога маштабу. "Я працую ў Расіі, там таксама рэалізуюцца сумесныя кітайска-расійскія праекты, але "Вялікі камень" - самы вялікі. У гэтага праекта вельмі добрыя перспектывы", - лічыць яна.

У Беларусі праходзіць прэс-тур кітайскіх журналістаў, які прадоўжыцца па 20 красавіка. Ён арганізаваны з мэтай папулярызацыі беларускіх тавараў і паслуг у КНР і развіцця беларуска-кітайскіх адносін. Сёння журналісты наведаюць навукова-тэхналагічны парк БНТУ "Палітэхнік", філіял "Рэсурсны цэнтр ЭкаТэхнаПарк - ВОЛМА" Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, факультэт кітайскай мовы і культуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Заўтра яны пабываюць у замкавым комплексе "Мір", Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, пагуляюць па гістарычных мясцінах у цэнтры Гродна. На 18 красавіка запланавана экскурсія па ААТ "Малочны свет" і ваўкавыскім ААТ "Беллакт", сустрэча са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым. Госці пабываюць у падраздзяленні Парка высокіх тэхналогій - СТАА "Гейм Стрым" і на Нацыянальным алімпійскім стадыёне "Дынама", дзе ім прэзентуюць праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў. Крыху пазней яны наведаюць кніжны магазін "Дружба", дзе ім пакажуць кнігі кітайскіх аўтараў выдавецтва "Мастацкая літаратура".

Поўная версія