Поўная версія
Вячаслаў Даніловіч

Аперацыя "Баграціён" паскорыла перамогу над германскім нацызмам

Меркаванні 27.06.2019 | 17:32
Вячаслаў Даніловіч Вячаслаў Даніловіч Дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Беларуская наступальная аперацыя "Баграціён" паскорыла перамогу над германскім нацызмам. Такое меркаванне журналістам выказаў дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч. Ён удзельнічае ў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Аперацыя "Баграціён", прысвечанай 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Аперацыя "Баграціён" паскорыла перамогу над германскім нацызмам. Гэта самая вялікая па сваіх маштабах ваенная аперацыя. У ёй былі задзейнічаны сілы не толькі 4 франтоў, але таксама значная колькасць партызанскіх фарміраванняў, якія актыўна ўключыліся ў падрыхтоўку гэтай аперацыі ў выглядзе рэйкавай вайны. Затым партызанскія атрады ўдзельнічалі ў вызваленні шматлікіх населеных пунктаў на тэрыторыі Беларусі. Тут была разгромлена вялікая групоўка вермахта, якая налічвала 800 тыс. узброеных салдат і афіцэраў. Гэта стала велізарным укладам у Перамогу, далейшае вызваленне Польшчы, пераход на тэрыторыю Германіі і ўзяцце Берліна. Менавіта на тэрыторыі Беларусі быў закладзены фундамент будучай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне", - адзначыў Вячаслаў Даніловіч.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Аперацыя "Баграціён" адкрылася сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук і разлічана на два дні. У яе рабоце ўдзельнічаюць каля 500 вядучых вучоных, гісторыкаў, архівістаў з Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Германіі, Літвы, Расіі, прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, студэнтаў і курсантаў вышэйшых грамадзянскіх і ваенных навучальных устаноў, грамадскіх дзеячаў.

Як падкрэсліў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў, у Беларусі робіцца ўсё неабходнае, каб у грамадстве ведалі праўку аб Вялікай Айчыннай вайне. "На месцах баёў, пахаванняў загінулых воінаў і партызан устаноўлены і беражліва захоўваюцца тысячы помнікаў і мемарыяльных комплексаў. Праводзіцца карпатлівая работа па аднаўленні імёнаў тых, хто да гэтага часу ў безыменных магілах. Выдаюцца тысячы кніг, арганізуецца комплекс сацыяльных, навуковых, ваенна-мемарыяльных, пошукавых, культурных, спартыўных і інфармацыйна-прапагандысцкіх мерапрыемстваў, прызначаных захоўваць і ўмацоўваць гістарычную памяць беларускага народа аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны", - расказаў старшыня Прэзідыума НАН.

Паводле яго слоў, важнае месца сярод такіх мерапрыемстваў займае сённяшні навуковы форум. "У найскладанейшых геапалітычных умовах, калі не спыняюцца спробы фальсіфікацыі і скажэння гісторыі Другой сусветнай для нашай дзяржавы жыццёва важна захаваць для нашчадкаў кожны факт і дэталь - усё, што стала ўвасабленнем духоўнай сілы беларускага народа ў ваенныя гады. Адзначаючы слаўную дату і аддаючы даніну глыбокай павагі гістарычнай памяці народа, мы заўсёды будзем удзячныя тым, хто абараняў і паднімаў з руін нашу Айчыну. Іх ратныя і працоўныя подзвігі натхняюць нас на пабудову моцнай і працвітаючай Беларусі - дзяржавы для народа. Усё, што мы стварылі, ствараем і будзем увасабляць у жыццё, служыць гэтай мэце", - дадаў Уладзімір Гусакоў.

На канферэнцыі будуць разгледжаны такія праблемы, як сучасныя падыходы да асвятлення гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: праблемы гісторыяграфіі і крыніцазнаўства, нацысцкая акупацыйная палітыка ў Беларусі, партызанскі рух і падпольная барацьба на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, савецкае ваеннае мастацтва ў перыяд вызвалення Беларусі (1943-1944 гады), пачатак аднаўлення народнай гаспадаркі БССР, Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці народа. На палях навуковага форуму арганізавана выстаўка архіўных матэрыялаў, ваеннай літаратуры і тэхнікі, адбудзецца ўрачыстая перадача архіва газеты "Красная Армия" Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа НАН Беларусі. Перадаваць яе будзе дырэктар нямецкага выдавецтва ENOS Клаус-Дзітэр Цэнтграф.

Арганізатарамі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Аперацыя "Баграціён" з'яўляюцца Нацыянальная акадэмія навук, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Міністэрства абароны, Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі, Нацыянальны архіў Беларусі.-0-

Поўная версія