ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 27 лістапада 2022
Мінск -2°C
Усе навіны
Усе навіны
Стужка навiн
28 верасня 2022, 13:24

Чужых дзяцей не бывае. Талай аб арганізацыі адпачынку і рэабілітацыі ў Беларусі для дзяцей з Украіны

Фота з архіва
Фота з архіва

28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дабрачынны фонд Аляксея Талая не мог застацца абыякавым да сітуацыі, у якой апынуліся дзеці з пацярпелых рэгіёнаў Украіны. Таму ўжо другі год у Беларусі прымаюць на адпачынак і рэабілітацыю вялікую групу дзяцей з Украіны. Аб гэтым заявіў вядомы грамадскі дзеяч, паралімпіец і матывацыйны трэнер Аляксей Талай у праекце "Па факце: рашэнні Першага" на YouTube-канале БЕЛТА.

Дабрачынны фонд Аляксея Талая доўгі час аказвае дапамогу дзецям з пацярпелых рэгіёнаў Украіны, у тым ліку з Данбаса, Данецка, Луганска. Паводле слоў самога Аляксея, ідэя арганізацыі такой работы ўзнікла сама сабой. Як бацька чацвярых дзяцей, ён не мог заставацца абыякавым да той сітуацыі, у якой апынуліся дзеці ў шэрагу рэгіёнаў Украіны. Акрамя таго, просьбы дапамагчы паступалі да яго і ў сацыяльных сетках, і па лініі грамадскіх арганізацый - прасілі прыехаць і выступіць у якасці матывацыйнага трэнера, падтрымаць дзяцей, асабліва тых, хто атрымаў калецтвы.

"Мы не маглі назіраць за гэтым без хвалявання ў сэрцы. І настаў той момант, калі ў 2021 годзе мы адправіліся туды паглядзець усё асабіста, азнаёміцца з сітуацыяй, наладзіць сацыяльныя сувязі. Там мы пазнаёміліся з дзецьмі, з грамадскім аб'яднаннем "Дэльфіны" і яго кіраўніком цудоўнай Вольгай (размова пра дырэктара Данецкай грамадскай арганізацыі для дзяцей-інвалідаў і іх бацькоў "Дэльфіны" Вольгу Волкаву. - Заўвага БЕЛТА). Мы адразу пачалі распрацоўваць умовы для прыезду дзяцей да нас у Беларусь", - расказаў Аляксей Талай. Ён падкрэсліў, што арганізаваць прыезд дзяцей з пацярпелых рэгіёнаў Украіны ўдалося дзякуючы падтрымцы з боку беларускай дзяржавы.

У выніку адбыліся ўжо дзве паездкі, другая праходзіць цяпер. Вялікая ўвага пры арганізацыі паездак удзяляецца бяспецы, у тым ліку падчас пераезду, таму перавага аддаецца чыгуначнаму транспарту, хоць гэта і даражэй. Дапамогу ў арганізацыі паездкі аказвалі і "Беларуськалій", і Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы.

"Гэта ідэя зразумелая ўсім. Мы ўсе, бацькі Беларусі, вельмі перажываем за гэтых дзяцей. Гэта нашы дзеці, нашы родненькія душы і сэрцы. Чужых дзяцей не бывае. І гэта такі мой слоган, якому ўжо гадоў 15. Я з ім выступаў і ў ЗША, і ў Еўрапейскім саюзе, гаварыў, што мы ўсе людзі і павінны дапамагаць адзін аднаму па меры сіл і магчымасцей. А ўжо нашым суседзям, родным і блізкім - і тым больш", - падкрэсліў Аляксей Талай.

Паводле яго слоў, сярод тых, хто прыязджаў у Беларусь, ёсць і дзеці з Марыупаля, Горлаўкі, якім давялося вельмі многае перажыць, але тут яны "адаграваюцца" і зноў хочуць радавацца жыццю. "Гэтыя дзеці, можа, прыехалі да нас як званочкі, каб сваім звонам, сваімі гісторыямі, у тым ліку праз сродкі масавай інфармацыі Беларусі, расказаць пра ўласныя гісторыі выжывання ў экстрэмальных жыццёвых абставінах і (нагадаць. - Заўвага БЕЛТА), наколькі мы сёння павінны любіць адзін аднаго, шанаваць, берагчы свет вакол нас, выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія дае нам наша краіна, вучыцца, займацца спортам, берагчы тое, што маем: пад'езд, дом родны, раён, школу, універ - усё маё, роднае, гэта радзіма мая, усіх люблю на свеце я", - сказаў Аляксей Талай.

Ён перакананы ў значнасці праектаў, падобных да арганізацыі рэабілітацыі і адпачынку дзяцей з пацярпелых рэгіёнаў Украіны. "Дзеці, мір даецца неймаверна цяжка, - падкрэсліў ён. - Родныя мае суайчыннікі, я нізка кланяюся тым, хто аказаў падтрымку фінансавую, і тым, хто праз наш фонд аказаў падтрымку падарункамі, рэчамі дзеткам, усім дзякуй".

Як паведамлялася БЕЛТА, у мэтах рэалізацыі фондам Аляксея Талая сацыяльна значнага праекта ААТ "Беларуськалій" гэтай восенню прымае на аздараўленне дзяцей з Данбаса. Адпачнуць і аздаровяцца ў Беларусі дзеці ад 6 да 15 гадоў з малазабяспечаных сем'яў, сем'яў са стратай карміцеля, а таксама сіроты і пацярпелыя ад ваенных дзеянняў. Усяго на аздараўленне плануецца прыняць 1050 чалавек з Данбаса, уключаючы 120 выхавальнікаў. Аздараўленне будзе арганізавана на базе адпачынку - у дзіцячым аздараўленчым лагеры "Дубрава" Упраўлення сацыяльнага развіцця і ЖКГ ААТ "Беларуськалій" у тры змены.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі