Поўная версія

Віктар Бура: Беларусь актыўна рыхтуецца да візіту Старшыні КНР

Інтэрв'ю 05.05.2015 | 11:51

Беларускі бок з вялікай адказнасцю падыходзіць да пытанняў падрыхтоўкі да дзяржаўнага візіту ў Мінск Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна. На думку Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Кітаі Віктара Буры, гэта падзея павінна стаць важнай гістарычнай вяхой у беларуска-кітайскіх адносінах. У інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА пасол расказвае аб развіцці ўзаемадзеяння паміж дзяржавамі, аб рэалізацыі праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень", які можа стаць важнай пляцоўкай новага Шаўковага шляху.


- Віктар Паўлавіч, як вы ацэньваеце ўзровень цяперашняга беларуска-кітайскага супрацоўніцтва?


- Беларусь высока цэніць і ганарыцца сваімі адносінамі з вялікім Кітаем. Безумоўна, беларуска-кітайскія адносіны з'яўляюцца паказальнымі і ўзорнымі па ўсіх напрамках. Хацелася б падкрэсліць, што Беларусь і Кітай падтрымліваюць адзін аднаго на міжнароднай арэне, дзе пункты гледжання дзвюх краін вельмі падобныя.


Высокі ўзровень беларуска-кітайскіх палітычных адносін служыць надзейнай асновай для развіцця двухбаковых гандлёвых сувязей. З улікам паслуг двухбаковы тавараабарот у 2014 годзе (уключаючы Ганконг, Макаа і Тайвань) другі год запар перасягнуў рубеж $4 млрд. Ён склаў $4,18 млрд (103,8 працэнта да 2013 года), пры гэтым беларускі экспарт упершыню перавысіў $1 млрд. Хачу асабліва падкрэсліць той факт, што Беларусь гатова істотна нарасціць экспарт у Кітай беларускіх тавараў да аб'ёму некалькі мільярдаў долараў. Мы актыўна займаемся гэтай работай з нашымі кітайскімі партнёрамі.


У апошнія гады двухбаковае інвестыцыйнае супрацоўніцтва набыло, без перабольшання, прарыўны характар. Цяпер у Беларусі рэалізуецца амаль 20 інвестыцыйных праектаў з прыцягненнем кітайскіх крэдытных рэсурсаў у аб'ёме больш як $5,5 млрд. Пры крэдытнай падтрымцы кітайскіх банкаў у Беларусі ажыццяўляюцца дзясяткі важных для эканомікі праектаў у энергетыцы, прамысловасці, транспартнай інфраструктуры, нерухомай маёмасці, тэлекамунікацыях і іншых галінах. Беларусь удзячна Кітаю за ўклад у мадэрнізацыю нацыянальнай эканомікі.


Вялікі патэнцыял для далейшай актывізацыі ўсяго комплексу беларуска-кітайскіх сувязей ёсць у міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Мы працуем над павышэннем эфектыўнасці сумеснай рабочай групы па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Дарэчы, у час маючага адбыцца дзяржаўнага візіту ў Мінск Сі Цзіньпіна плануецца правесці пасяджэнне круглага стала кіраўнікоў рэгіёнаў Беларусі і Кітая.


Думаю, што плануемыя да падпісання ў час візіту двухбаковыя міждзяржаўныя і міжведамасныя дакументы вызначаць новыя вектары развіцця двухбаковых адносін, якія ўжо маюць характар усебаковага стратэгічнага партнёрства.


- Не так даўно Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці прадаставіць беларускія магчымасці для рэалізацыі ініцыятывы "Эканамічны пояс Шаўковага шляху", вылучанай Старшынёй КНР. Гэта стратэгічная канцэпцыя накіравана на распрацоўку інавацыйнай мадэлі ўзаемадзеяння і фарміраванне новага парадку міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Ці не маглі б вы больш дэталёва сказаць аб сваім бачанні перспектыў беларускага ўдзелу ў гэтым праекце?


- Упэўнены, што рэалізацыя канцэпцыі дасць магчымасць устанавіць больш цесныя адносіны ў розных галінах паміж краінамі, што ў канчатковым выніку паслужыць справе паскоранага сацыяльна-эканамічнага развіцця ўключаных рэгіёнаў.


Беларусь знаходзіцца на перасячэнні важных гандлёвых шляхоў, што звязваюць Балтыю з Чорным морам, а таксама Расію з Еўрапейскім саюзам. Беларусь мае намер актыўна развіваць участкі транскантынентальных транспартных калідораў, удасканальваць лагістычную інфраструктуру на сваёй тэрыторыі, у тым ліку з удзелам кітайскіх кампаній. Размова ідзе таксама аб удасканаленні ўнутранай аўтадарожнай інфраструктуры, павышэнні загрузкі чыгуначных кантэйнерных саставаў, што накіроўваюцца з Еўропы ў Кітай. Думаю, што можна будзе шырэй выкарыстоўваць магчымасці беларускіх аэрапортаў, аптымізаваць сістэму дастаўкі грузаў. Такім чынам, Беларусь імкнецца стаць важнай часткай калідораў, якія фарміруюцца, і зон міжнароднага супрацоўніцтва для забеспячэння сумеснага стабільнага і ўстойлівага развіцця на кантыненце.


Дарэчы, важнае месца ў ствараемым эканамічным поясе Шаўковага шляху зойме самы буйны ў гісторыі двухбаковых адносін праект - Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень". Пытанні супрацоўніцтва па рэалізацыі гэтай канцэпцыі знойдуць сваё адлюстраванне ў Сумеснай дэкларацыі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі аб далейшым развіцці і паглыбленні адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства, якую плануецца падпісаць у час візіту ў Беларусь Сі Цзіньпіна.


- Можаце больш падрабязна спыніцца на тэме Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка?


- Гэта ўзаемавыгадны стратэгічны праект. Рэалізуючы яго, Беларусь і Кітай быццам ствараюць узор супрацоўніцтва дзвюх краін. Як чакаецца, парк стане важным элементам на ствараемым Кітаем з іншымі зацікаўленымі краінамі новага Шаўковага шляху. Дзякуючы яго рэалізацыі мы зможам прыцягнуць у краіну перадавыя тэхналогіі і інавацыі, пастаўляць вырабленую ў нас высокатэхналагічную прадукцыю на рынкі ЕАЭС і краін Еўрапейскага саюза, якія маюць агульную граніцу з Беларуссю.


Для кітайскага боку парк "Вялікі камень" - гэта добрая магчымасць прадэманстраваць свой растучы тэхналагічны ўзровень, дыверсіфікаваць пункты развіцця, надзейна ўкласці інвестыцыі, а таксама ажыццявіць далейшае пашырэнне стратэгіі выхаду за мяжу.


Беларусь стварыла беспрэцэдэнтна льготныя ўмовы для кампаній - рэзідэнтаў парка. Сфарміравана неабходная заканадаўчая база. Цяпер ідзе будаўніцтва інфраструктуры. Фінансаванне ажыццяўляецца як за кошт бюджэтных сродкаў, так і прамых інвестыцый беларускіх і кітайскіх кампаній, крэдытных рэсурсаў кітайскіх банкаў, уключаючы льготныя ўрадавыя крэдыты, а таксама сродкаў тэхніка-эканамічнай дапамогі. Ужо зарэгістраваны першыя рэзідэнты, сярод іх такія буйныя кітайскія карпарацыі, як "Хуавэй" і "ЗТІ". Мы адчуваем асабістую ўвагу і падтрымку кіраўніцтва Кітая ў прыцягненні ў парк яшчэ большай колькасці кітайскіх кампаній з прамымі інвестыцыямі.


У час маючага адбыцца візіту на вышэйшым узроўні плануецца ўручыць першым шасці кампаніям-рэзідэнтам пасведчанні аб уваходжанні ў Кітайска-беларускі індустрыяльны парк, а таксама заключыць пагадненні аб намеры ўступіць у парк яшчэ з некалькімі кампаніямі. Спадзяюся, што ў хуткім часе парк стане выдатнай дэманстрацыйнай пляцоўкай кітайскіх высокіх тэхналогій і інвестыцый на Еўрапейскім кантыненце.


- Якімі вы бачыце перспектывы ўзаемадзеяння такіх двух важных праектаў, як Еўразійскі эканамічны саюз і "Эканамічны пояс Шаўковага шляху"?


- Прапанова Старшыні КНР сугучна вылучанай Прэзідэнтам Беларусі ідэі інтэграцыі інтэграцый, якая заключаецца ў тым, каб не проціпастаўляць паміж сабой інтэграцыйныя ўтварэнні, ствараючы дадатковыя бар'еры, а імкнуцца выбудоўваць на еўразійскай прасторы ўмовы, максімальна спрыяльныя для шматбаковага міжнароднага супрацоўніцтва.


Для Беларусі членства ў ЕАЭС і стварэнне эканамічнага пояса Шаўковага шляху, супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам і ўдзел у мерапрыемствах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва не толькі не перашкаджаюць, але і ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго.


- Сімвалічна, што візіт кітайскага лідара ў Беларусь будзе праходзіць у перыяд святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі...


- Для Рэспублікі Беларусь гэта асаблівая дата, бо вядома, што беларусы заплацілі за Перамогу вельмі высокую цану. На вайне загінуў кожны трэці жыхар Беларусі.


Хачу таксама звярнуць увагу на некалькі прыкладаў, якія ўжо ўвайшлі ў гісторыю беларуска-кітайскіх адносін, звязаных з Вялікай Перамогай. У 1937-1940 гадах некалькі выхадцаў з Беларусі разам з іншымі савецкімі лётчыкамі-добраахвотнікамі абаранялі неба над Кітаем. Двум з іх было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.


Чжу Мінь, дачка выдатнага кітайскага ваеннага, дзяржаўнага і палітычнага дзеяча маршала Чжу Дэ з чэрвеня 1941 па лета 1943 года разам з іншымі выхаванцамі Іванаўскага інтэрнацыянальнага дзіцячага дома знаходзілася на акупіраванай фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Беларускай ССР. Гісторыю знаходжання ў Беларусі Чжу Мінь падрабязна апісала ў аўтабіяграфічнай кнізе "Мой бацька - Чжу Дэ", якая выйшла ў 2001 годзе ў Пекіне. Пазней звязаныя з ёй падзеі былі пакладзены ў аснову кітайскага мастацкага фільма "Чырвоная вішня". У 2007 годзе Чжу Мінь узнагароджана медалём "60 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў".


Беларусы, якія як ніхто іншы ведаюць сапраўдную цану Вялікай Перамогі, высока цэняць ролю Кітая ў агульнай барацьбе чалавецтва над злом. Мы помнім, што Кітай першы прыняў на сябе фашысцкую агрэсію. Кітайскі народ, аказаўшы гераічнае супраціўленне японскім захопнікам, унёс важкі ўклад у вайну з фашызмам. Адчуваючы неймаверныя цяжкасці, скоўваючы значныя сілы захопнікаў, Кітай адначасова аказваў сваім саюзнікам дапамогу ў пастаўцы стратэгічнай сыравіны, неабходнай для забеспячэння армій. Усё гэта стала залогам Вялікай Перамогі.


Таму невыпадкова ў час візіту Сі Цзіньпіна сумесна з кітайскім бокам плануецца правядзенне шэрага мерапрыемстваў, звязаных з гэтай датай. Ключавым з іх будзе наведванне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Праграмай візіту прадугледжваецца таксама цырымонія ўскладання вянкоў каля манумента Перамогі ў цэнтры Мінска. Гэта з'яўляецца сведчаннем таго, што мы разам глыбока шануем агульны летапіс гераізму і подзвігаў нашых народаў.


Аліна ГРЫШКЕВІЧ,
БЕЛТА.
Пекін.

Поўная версія