Поўная версія
Фіёна Гіб

У Беларусі ў мяне застаецца шмат сяброў

Інтэрв'ю 20.08.2019 | 14:47
Фіёна Гіб Фіёна Гіб Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі

Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй становіцца ўсё больш актыўным. Важнасць гэтага адзначыла ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі Фіёна Гіб, якая завяршае сваю дыпламатычную місію і літаральна ў гэтыя дні пакідае Мінск. Яна расказала аб тым, што ўдалося зрабіць за перыяд работы, аб сваіх самых яркіх уражаннях, аб сяброўстве з беларусамі, а таксама з якімі пачуццямі едзе на радзіму і ці збіраецца вяртацца ў Беларусь.

- Што вы назвалі б галоўным вынікам вашай дыпламатычнай дзейнасці ў Беларусі і што змянілася за гэты перыяд у беларуска-брытанскіх адносінах?

- Беларуска-брытанскае супрацоўніцтва за апошнія гады істотна пашырылася. Хачу заўважыць, што асабліва актыўнымі двухбаковыя кантакты сталі пасля зняцця з Беларусі большасці санкцый ЕС у 2016 годзе.

У першую чаргу гэтыя змяненні паўплывалі на тое, што больш актыўнымі сталі ўзаемны абмен візітамі і правядзенне двухбаковых мерапрыемстваў, у пацвярджэнне чаго прывяду некалькі прыкладаў. Так, у кастрычніку 2017 года адбыўся візіт тагачаснага дзяржаўнага міністра па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі Алана Дункана. Гэта быў першы за больш як 20 гадоў прыезд прадстаўніка ўрада Вялікабрытаніі такога высокага ўзроўню. На сустрэчы з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем ён абмеркаваў пытанні беларуска-брытанскага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай сферах, была падпісана міжурадавая Канвенцыя аб прадухілення двайнога падаткаабкладання адносна падаткаў на даходы і капітал і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў. Гэта былі вельмі важныя крокі па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва.

У снежні 2017 года было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі абароны дзвюх краін.

Міністр замежных спраў Беларусі ў сакавіку 2018 года ўпершыню за больш як 20 гадоў пабываў у Лондане і сустрэўся са сваім брытанскім калегам Борысам Джонсанам, таксама адбыўся шэраг іншых важных сустрэч і перагавораў.

У чэрвені бягучага года з рабочым візітам у Лондане пабываў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас. На пляцоўцы Лонданскай фондавай біржы ўпершыню прайшоў Дзень рынкаў капіталу Беларусі.

Акрамя таго, у чэрвені Беларусь наведаў дзяржаўны міністр па гандлёвай палітыцы Міністэрства знешняга гандлю Вялікабрытаніі Джордж Холінгберы для ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Брытанскі прадстаўнік быў прыняты кіраўніком беларускай дзяржавы.

Усё гэта пацвярджае, што ў двухбаковых адносінах сапраўды ёсць вялікі прагрэс.

- Наколькі паспяхова развіваецца двухбаковае гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва?

- Хачу звярнуць увагу, што для брытанскіх бізнесменаў, кампаній пры развіцці адносін вельмі важна разуменне эканомікі Беларусі. Раней у нас не было фокуса на гэтым, а цяпер ёсць, і гэта сведчыць аб многім, у першую чаргу аб жаданні больш актыўна супрацоўнічаць.

Пры гэтым у нашым пасольстве да нядаўняга часу не было супрацоўніка, які адказвае за эканамічныя пытанні. Літаральна з гэтага месяца ў нас стаў працаваць спецыяліст, падсправаздачны Дэпартаменту міжнароднага гандлю Вялікабрытаніі, які на працягу года будзе факусіраваць увагу менавіта на эканамічнай тэматыцы, у тым ліку аналізаваць праблемы, што перашкаджаюць гандлю паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю. Я вельмі рада такому новаўвядзенню, паколькі ўпэўнена, што гэта дапаможа ўстараніць існуючыя бар'еры і будзе дапамагаць вызначаць перспектыўныя эканамічныя напрамкі, на якіх мы будзем акцэнтаваць сваю ўвагу. Я ведаю, што беларускі ўрад спрабуе зняць такія перашкоды, тым не менш пакуль яны ёсць.

Згодна з беларускай статыстыкай, Вялікабрытанія ў 2017-2018 гадах была трэцяй краінай пасля Расіі і Украіны, куды экспартаваліся беларускія тавары. У 2018 годзе тавараабарот склаў $3,4 млрд, у тым ліку экспарт - $3,1 млрд. Аб'ём прамых замежных інвестыцый з Вялікабрытаніі па выніках мінулага года дасягнуў $2,7 млрд. Злучанае Каралеўства займае другое месца (пасля Расіі) ад усяго аб'ёму прамых замежных інвестыцый, прыцягнутых у беларускую эканоміку. У Беларусі створаны 211 арганізацый з брытанскім капіталам.

Што датычыцца развіцця інвестыцыйнага супрацоўніцтва, скажу адкрыта, што не з'яўляюся экспертам у гэтым пытанні. Але думаю, што трэба яшчэ больш развіваць гандаль, і інвесціраванне будзе расці. Пакуль, на маю думку, з Вялікабрытаніі ў Беларусь паступае недастаткова інвестыцый, паколькі цяпер шмат у чым гэтыя паказчыкі складваюцца за кошт расійскіх кампаній, у якіх ёсць даччыныя прадстаўніцтвы ў Вялікабрытаніі. У гэтым выпадку размова ідзе аб інвестыцыях з Вялікабрытаніі, а не чыста брытанскіх. Тым не менш я думаю, што ў перспектыве будзе ісці рост брытанскіх інвестыцый.

- Якімі вы бачыце перспектывы ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй?

- Я ацэньваю гэтыя перспектывы пазітыўна. У Вялікабрытаніі ёсць цікавасць да вашай краіны, ёсць разуменне важнасці Беларусі, у тым ліку яе геаграфічнага размяшчэння ў Еўропе. І ў маіх калег у Лондане, якія займаюцца гэтым рэгіёнам, ёсць вялікі, усё большы, я сказала б, апетыт да развіцця кантактаў з Беларуссю. Акрамя таго, для нас важны добрыя адносіны рэспублікі з яе суседзямі.

Для пасольства таксама вельмі добра, што ёсць зацікаўленасць брытанскага боку да рэалізацыі кантактаў з Беларуссю.

Не магу не закрануць тэму правоў чалавека. Вельмі важна, што беларускі ўрад адкрыты для перагавораў па гэтай тэме, як адкрыты і для беларуска-брытанскіх перагавораў пасля "Брэксіту".

- Якія самыя яркія ўражанні ў вас застануцца ад дыпламатычнай місіі ў Беларусі?

- У мяне вельмі шмат пазітыўных эмоцый і ўражанняў. Адно з такіх, якое назаўсёды застанецца ў маёй памяці, - гэта гонар прымаць у Мінску ў кастрычніку 2016 года прынца Майкла Кенцкага - члена брытанскай каралеўскай сям'і, унука караля Георга V і каралевы Марыі, стрыечнага брата каралевы Лізаветы ІІ. Ён узначальвае ўласную кансалтынгавую кампанію і займаецца бізнесам у розных краінах свету, у тым ліку праявіў цікавасць да Беларусі. Прычыны гэтага візіту былі звязаны з бяспекай на дарогах. Нягледзячы на тое, што праграма была вельмі кароткай, яна была насычанай і ўключала перагаворы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Гэта быў першы важны госць з Вялікабрытаніі ў маёй дыпламатычнай місіі ў Беларусі, і гэта быў сапраўды вялікі гонар для мяне.

Акрамя таго, засталіся самыя цудоўныя асабістыя ўражанні і эмоцыі ад шматлікіх паездак па Беларусі. Гэта ў першую чаргу наведванне Ельні, Мёраў.

Хацела б асабліва адзначыць вельмі дружалюбны характар беларусаў, іх шчодрасць. Сустрэчы, кантакты з людзьмі адыгрываюць вялікую ролю і ствараюць пазітыўнае або негатыўнае ўражанне аб любой краіне. Людзі, з якімі я пазнаёмілася тут, з якімі працавала, многія з якіх сталі маімі сябрамі, - гэта вельмі важна для мяне. У тым ліку дзякуючы сяброўству з беларусамі маё знаходжанне тут было такім пазітыўным. Я ад'язджаю, але ў маім сэрцы назаўсёды застаюцца беларускія сябры.

- З якімі пачуццямі вы пакідаеце Беларусь і ці хочаце сюды вярнуцца ў якасці госця, турыста?

- Дзень майго ад'езду, літаральна на гэтым тыдні, будзе, вядома ж, цяжкім для мяне. Мая дыпламатычная місія ў вашай краіне завяршаецца, але я ведаю, што ў будучым абавязкова вярнуся сюды. Нават магу сказаць, што дзякуючы асабістым дружалюбным адносінам планую часта прыязджаць у Беларусь.

Дарэчы, як толькі вярнуся дадому, у Шатландыю, ужо літаральна на наступны дзень планую сустрэцца з беларускай сям'ёй - гэта мае сябры, якія ў гэты час будуць там падарожнічаць. На шчасце, у нас будзе магчымасць сустрэцца ў Глазга. Мы сустрэнемся, я пакажу мой горад, яго навакольную мясцовасць. Думаю, што такім чынам мой ад'езд з Беларусі будзе больш мяккім... Ён будзе згладжаны гэтай сустрэчай.

- Чым плануеце займацца пасля вяртання ў Вялікабрытанію?

- Гэта будзе, як я планую, дыпламатычная дзейнасць, але чым канкрэтна буду займацца ў Лондане, пакуль не ведаю.

- Што вы пажадалі б свайму пераемніку, які прыедзе працаваць у Мінск?

- Спадзяюся, што наступны пасол прадоўжыць пачатую работу ў добрым рэчышчы. Галоўнае, што ёсць трывалая аснова для далейшага развіцця беларуска-брытанскага ўзаемадзеяння. Важна прадоўжыць нарошчваць двухбаковае супрацоўніцтва, асабліва ў сферах эканомікі, гандлю, інвестыцый.

Аліна ГРЫШКЕВІЧ

Поўная версія