Поўная версія

Станіслаў Буко: Праблемы людзей заўсёды павінны быць на першым плане

Інтэрв'ю 18.11.2014 | 12:41

Справядлівае стаўленне да людзей - адно з асноўных патрабаванняў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да кіраўнікоў усіх узроўняў. Асаблівая ўвага ў сувязі з гэтым надаецца рабоце са зваротамі грамадзян, кожны з якіх неабходна разглядаць індывідуальна, абавязкова дапамагаючы тым, хто ў гэтым сапраўды мае патрэбу. З гэтай мэтай у краіне сфарміравана неабходная заканадаўчая база, наладжана сістэмная работа, якая ўключае не толькі вывучэнне пісьмовых зваротаў, але і выязныя прыёмы грамадзян, комплексны аналіз асобных праблем, праводзяцца маніторынгі. Вырашэнне найбольш вострых і грамадска значных пытанняў ставіцца на асаблівы кантроль, што дапамагае аператыўна выяўляць валакіту і фармалізм у рабоце мясцовых улад. Тым не менш, паток пісем у дзяржорганы не змяншаецца. Па статыстыцы, толькі за 9 месяцаў гэтага года ў Адміністрацыю Прэзідэнта паступіла 19,4 тыс. зваротаў, у Савет Міністраў - больш за 4 тыс., у Камітэт дзяржаўнага кантролю - каля 3,6 тыс. Аб тым, на што часцей за ўсё скардзяцца, як вядзецца работа з грамадзянамі, і ці не адпраўляюць іх чыноўнікі на хаджэнне па "замкнёным крузе" ў вырашэнні жыццёвых пытанняў, карэспандэнт БЕЛТА гутарыў з начальнікам галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Станіславам Буко.


- Чаму ў прынцыпе, на ваш погляд, узнікае неабходнасць для розных скаргаў. Гэта элементарнае няведанне або неразуменне прававых норм самімі грамадзянамі, пасіўнасць чыноўнікаў на месцах ці, можа, недасканаласць заканадаўства?


- У пэўнай ступені і адно, і другое, і трэцяе. Прычын з'яўлення скаргаў мноства. Як важкіх, так і дробных. Усе мы (чыноўнікі і грамадзяне) залежым адзін ад аднаго, ад таго, наколькі якасна выконваем работу на сваім рабочым месцы, наколькі ўважлівыя пры гэтым да праблем таго, хто звярнуўся.


Злабадзённыя пытанні, з якімі звяртаюцца грамадзяне, датычацца розных сфер жыццядзейнасці. Пятая частка ад паступіўшых у гэтым годзе ў Адміністрацыю Прэзідэнта зваротаў звязана з жыллём і жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Тут і нараканні на работу камунальных службаў, праблемы паляпшэння жыллёвых умоў, выдзяленне крэдытаў на будаўніцтва жылля, прадастаўленне зямельных участкаў.


Шмат пытанняў звязана і з добраўпарадкаваннем тэрыторый. Асабліва гэта датычыцца абласных цэнтраў і сталіцы. Часам нараканні ў грамадзян выклікаюць планы па ўшчыльненні жылой забудовы: недзе трэба пацясніцца, недзе ўжо не так сонца будзе свяціць...


Апошнім часам у Адміністрацыю Прэзідэнта, урад у два разы павялічылася колькасць зваротаў па пытаннях прыватызацыі жылля: валакіта ў ходзе афармлення дакументаў, аспрэчванне адмоўнага рашэння аб прыватызацыі, ацэнка кошту прыватызуемых жылых памяшканняў. У шэрагу выпадкаў гэтыя факты былі пацверджаны.


Прымаючы пад увагу вастрыню і актуальнасць для насельніцтва такіх пытанняў, падрыхтаваны праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб прыватызацыі жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду", які кіраўнік дзяржавы падпісаў. У гэтым дакуменце максімальна ўлічаны інтарэсы людзей.


Больш за 21 працэнт зваротаў звязаны з дзейнасцю праваахоўнай сферы, работай судоў і органаў юстыцыі.


Тэмы аграпрамысловага комплексу, землекарыстання і землеўпарадкавання закранаюцца амаль у 5 працэнтах выпадкаў, крыху менш працэнты зваротаў па пытаннях аховы здароўя, адукацыі і навукі, культуры. У цэлым у пісьмах, што паступаюць, прысутнічае шырокі спектр самых розных тэм ад дзяржаўнага кіравання, бюджэтна-фінансавай палітыкі да работы транспарту і бытавога абслугоўвання насельніцтва.


- Указам "Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб" замацаваны прынцып першачарговага разгляду зваротаў непасрэдна на месцах. Разам з тым людзі часта выбіраюць "шлях найменшага супраціўлення" і ідуць са сваімі праблемамі адразу на самы верх - пішуць кіраўніку дзяржавы, у рэспубліканскія органы дзяржкіравання. Як гэта ўплывае на вашу работу?


- Безумоўна, гэта ўскладняе нашу работу. Бо прыкладна 70 працэнтаў ад паступіўшых зваротаў павінны былі быць разгледжаны перш за ўсё на мясцовым узроўні.


Калі б усё адбывалася дакладна па ўстаноўленых правілах, і большасць зваротаў разглядалася б у адпаведнасці з кампетэнцыяй на месцах, то ў нас было б больш часу на разгляд зваротаў, якія патрабуюць дэталёвага і ўсебаковага вывучэння той ці іншай праблемы. Сёння кожны пяты зварот, які паступіў у Адміністрацыю Прэзідэнта, знаходзіцца на кантролі. Гэта азначае, што ход яго разгляду знаходзіцца ў полі зроку да канчатковага вырашэння пытання. У асобных выпадках пры неабходнасці ажыццяўляецца выезд супрацоўнікаў на месца, а таксама падтрымліваецца кантакт з заяўнікам. Ажыццяўленне кантрольных функцый дае магчымасць выяўляць парушэнні мясцовых органаў улады (валакіту, фармалізм, перасылку ўніз па падначаленасці і да таго падобнае).


- Не сакрэт, што бываюць выпадкі, калі грамадзян з іх пытаннямі адпраўляюць па "замкнёным крузе". Гэта значыць іх зварот перадаецца на разгляд у тую ж ніжэйшую інстанцыю, на рашэнне якой яны і скардзіліся. Ці захоўвае гэта праблема актуальнасць?


- Не буду арыгінальнічаць, паўтару простую, усім вядомую думку: якасць работы залежыць ад канкрэтнага чалавека, ад кіраўніка. Калі правесці аналіз работы са зваротамі на месцах, то ёсць кіраўнікі, якія, па водзывах саміх жа грамадзян, вельмі ўважліва ставяцца да вырашэння праблем, заўсёды выслухаюць, пастараюцца дапамагчы. Для іншых галоўнае - вытворчыя паказчыкі, а праблемы людзей адыходзяць на другі план, вось іх і пускаюць па крузе. Але яны забываюць аб тым, што ўсе гэтыя паказчыкі і працэнты ствараюцца менавіта працай людзей, і што чалавек павінен быць на пярэднім плане.


Прыходзіць чалавек у мясцовы орган улады (ён, можа, да гэтага ніколі там і не быў), і ад таго, як яго сустрэлі, як пагаварылі, у канчатковым выніку залежыць фарміраванне грамадскага меркавання. Калі мы праводзім маніторынгі, выязджаем на прыёмы грамадзян у розныя рэгіёны, мы абавязкова звяртаем увагу на пытанні якасці работы са зваротамі, пытаем простых людзей, прашчупваем іх меркаванне на прадмет стаўлення мясцовых кіраўнікоў.


- Ці ёсць у вашай практыцы прыклады, калі высвятлялася, што за невырашэннем тых ці іншых пытанняў стаяла карупцыя, нейкія асабістыя інтарэсы чыноўнікаў?


- Зразумела, такія пісьмы да нас ідуць. Мы іх накіроўваем у Камітэт дзяржкантролю, міліцыю, пракуратуру або КДБ. Бывае, што выкладзеныя ў зваротах факты пацвярджаюцца.


- Хутка будзе тры гады, як у Беларусі з'явілася магчымасць накіроўваць звароты ў электроннай форме. Наколькі эфектыўнае гэта новаўвядзенне, і які працэнт ад агульнай колькасці цяпер прыпадае менавіта на электронныя звароты?


- Наогул гэта форма вельмі своечасовая і дзейсная. Цяпер ад агульнага аб'ёму да нас паступае больш за 30 працэнтаў электронных зваротаў, і штогод адзначаецца тэндэнцыя да росту. Да электронных зваротаў, як правіла, звяртаецца больш маладое пакаленне, хоць і людзі сталага ўзросту таксама актыўна з дапамогай сваіх дзяцей карыстаюцца такой магчымасцю.


- Работа са зваротамі грамадзян у Беларусі праводзіцца на сістэмнай аснове. Гэта і выязныя прыёмы, непасрэдны кантроль за вырашэннем найбольш вострых пытанняў. У чым важнасць такога непасрэднага кантакту з людзьмі?


- Я вельмі высока ацэньваю ролю і значнасць асабістых прыёмаў. Адна справа, калі напісана на паперы, а іншая, калі непасрэдна размаўляеш з чалавекам, можаш задаць удакладняльныя пытанні.


Кіраўніку, які працуе з людзьмі, як правіла, дастаткова некалькіх мінут размовы, каб скласці меркаванне аб чалавеку. Практычна адразу відаць, ці сапраўды ён прыйшоў з праблемай, ці недзе хітруе. Таму асабісты прыём - гэта вельмі добрая форма работы з насельніцтвам.


Сёння ў адпаведнасці з заканадаўствам устаноўлены адзіны дзень прыёму для кіраўнікоў усёй вертыкалі ўлады - серада. Калі вызначана, напрыклад, з 14.00 да 20.00, то нават калі няма людзей, кіраўнік у гэты час знаходзіцца на рабочым месцы. Выпрацавана стройная, а галоўнае, дзейсная сістэма прыёму грамадзян, якая прымаецца і падтрымліваецца насельніцтвам. Вядома, бываюць недзе недахопы, але яны не маюць сістэмны характар, а хутчэй з'яўляюцца выключэннямі.


Акрамя таго, ва ўсіх рэгіёнах ёсць практыка правядзення выязных прыёмаў. Гэта форма вельмі актуальная і запатрабаваная ў сельскіх рэгіёнах. Разам з тым больш пільнае вывучэнне матэрыялаў паказвае, што на месцах вырашэнне любога пытання часцей за ўсё замыкаецца на першых асобах. Гэта сведчыць аб негатоўнасці, а ў некаторых выпадках і няздольнасці службовых асоб, якія непасрэдна адказваюць за канкрэтную сферу дзейнасці, вырашаць праблемы грамадзян самастойна і імкненні перакласці адказнасць на вышэйстаячых кіраўнікоў.


Уладзімір МАЦВЕЕЎ

Поўная версія