Поўная версія
Максім Рыжанкоў

Правядзенне Генасамблеі ЕАК у Мінску ўмацавала аўтарытэт Беларусі ў Еўропе

Інтэрв'ю 24.10.2016 | 13:16
Максім Рыжанкоў Максім Рыжанкоў Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі

У Мінску завяршыла работу 45-я Генеральная асамблея Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Шэраг рашэнняў, прынятых дэлегатамі, будуць мець сур'ёзнае значэнне ў развіцці спорту ў Старым Свеце. Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, які адзначае ў гэтым годзе 25-годдзе з моманту стварэння, упершыню праводзіў такое маштабнае пасяджэнне. Яго вынікі карэспандэнт БЕЛТА папрасіў падвесці першага віцэ-прэзідэнта НАК Беларусі Максіма Рыжанкова.

- У Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі гэта быў першы вопыт правядзення такіх буйных міжнародных мерапрыемстваў, калі ў Мінску сабраліся прадстаўнікі ўсіх 50 краін Еўропы. Дэлегаты 45-й Генасамблеі ЕАК засталіся задаволены вынікамі работы. Госці ад'язджаюць з разуменнем таго, наколькі ўзровень беларускага боку адпавядае еўрапейскім стандартам, яны ўбачылі нашы магчымасці па арганізацыі турніраў, стаўленне кіраўніцтва краіны да спорту і, думаю, не засталіся расчараванымі. У час работы Генасамблеі прыняты шэраг сур'ёзных рашэнняў. Адно з самых галоўных для нас - правядзенне другіх Еўрапейскіх гульняў у Беларусі ў 2019 годзе.

- Максім Уладзіміравіч, калі пачнецца падрыхтоўка да важнай спартыўнай падзеі?

- Яна ўжо стартавала. У заключны дзень работы Генасамблеі ЕАК раніцай адбылося пасяджэнне рабочай групы па правядзенні Еўрагульняў-2019. Намі ўжо сфарміраваны групы, якія будуць вырашаць пэўныя задачы па падрыхтоўцы да важных стартаў. Абмеркавалі, якая дапамога неабходна з боку Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Дыскутавалі і над спартыўнай часткай, якія віды спорту будуць прадстаўлены на Еўрапейскіх гульнях. Адразу адзначу, што Беларусь будзе абапірацца на ўжо існуючую ў краіне спартыўную базу, каб мінімізаваць расходы на правядзенне гэтага маштабнага мерапрыемства.

- На ваш погляд, арганізацыя і правядзенне Генасамблеі дасць магчымасць прадстаўнікам Беларусі пашырыць сваю прысутнасць у міжнародных спартыўных структурах?

- Мы да гэтага імкнёмся, паколькі апошнія падзеі ў сусветным спорце сведчаць аб тым, што трэба вельмі цесна працаваць з еўрапейскімі і міжнароднымі федэрацыямі па відах спорту. Упэўнены, за гэтыя апошнія некалькі дзён у нас з'явілася нямала сяброў у спартыўнай сферы. Многія з іх не забудуць, як у Беларусі ставяцца да спорту, і пры неабходнасці пойдуць нам насустрач, акажуць дапамогу ў пытаннях, якія могуць узнікнуць. Прыадкрыю тайну: з ЕАК дасягнута дамоўленасць аб больш актыўнай рабоце беларускага боку ў гэтай арганізацыі і прысутнасці беларусаў у камісіях ЕАК, а таксама ў федэрацыях па відах спорту. Тым больш калі Беларусь стала арганізатарам Еўрагульняў-2019. У нас ужо ёсць добры прыклад - Беларуская асацыяцыя гімнастыкі. Вядомая беларуская гімнастка Нэлі Кім выбрана першым віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі, Дзмітрый Паляруш узначаліў адну з камісій. Не стаім на месцы ў гэтым напрамку і прадаўжаем працаваць.

- Да Алімпійскіх гульняў звычайна пачынаюць рыхтавацца за сем гадоў, для арганізацыі чэмпіянатаў свету па відах спорту неабходна крыху менш часу, а ў Беларусі да 2019 года яго засталося і зусім няшмат...

- Калі Азербайджан паспеў за два гады пабудаваць спартыўную інфраструктуру, то нашай краіне з ужо існуючымі аб'ектамі арганізаваць усё на належным узроўні не складзе вялікіх намаганняў.

- На першых Еўрапейскіх гульнях у Баку самыя багатыя на медалі віды спорту - лёгкая атлетыка і плаванне - былі прадстаўлены не вядучымі атлетамі. Як будзе ў 2019 годзе?

- Чакаюцца сур'ёзныя кансультацыі з кіраўніцтвам гэтых федэрацый. З прэзідэнтам Еўрапейскай асацыяцыі лёгкай атлетыкі Свенам Арнэ Хансенам праведзена ўжо размова. Ён знаходзіўся тут у Мінску і падзяляе нашу думку, што другіх складаў у Беларусі праз тры гады быць не павінна. Плюс пастараемся сумесна з ЕАК дабіцца права, каб другія Еўрапейскія гульні былі кваліфікацыйнымі (давалі магчымасць атрымаць ліцэнзію на ўдзел. - Заўвага БЕЛТА) да Алімпіяды-2020 у Токіа.

- Якія віды спорту, што не ўваходзяць у алімпійскую праграму, могуць быць прадстаўлены на Еўрагульнях у 2019 годзе?

- Больш канкрэтна магу сказаць крыху пазней, але вельмі разлічваем на самба і акрабатыку.

Аляксандр НОВІКАЎ,

БЕЛТА.-0-

Поўная версія