Поўная версія

Мікалай Бардзюжа: Пагрозы звонку прымушаюць АДКБ умацоўваць сілавы патэнцыял

Інтэрв'ю 25.06.2014 | 13:28
Падзеі ў свеце, у тым ліку ва Украіне, паказалі, што пытанні ўмацавання бяспекі дзяржаў сталі не проста актуальнымі: яны выйшлі на першы план. Аб тым, што цяпер адбываецца ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, карэспандэнт БЕЛТА паразмаўляў з генеральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам.

- Апошнім часам павышаная ўвага ўдзяляецца сілавому складніку АДКБ. З чым гэта звязана і ў якіх выпадках могуць быць выкарыстаны падраздзяленні АДКБ?


- Ва ўмовах, калі вакол дзяржаў - членаў АДКБ вялікая колькасць гарачых кропак, а таксама незаконных узброеных фарміраванняў, частка з якіх дэкларуе свае варожыя задачы на тэрыторыі нашых краін, неабходна мець сілавы патэнцыял, які, калі спатрэбіцца, зможа ім процістаяць. Патэнцыял, які можа выкарыстоўвацца ў выпадку, калі ўзнікне канкрэтная пагроза тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту якой-небудзь дзяржавы, што ўваходзіць у арганізацыю.

АДКБ арыентавана на процідзеянне пагрозам звонку. У сувязі з гэтым увесь сілавы патэнцыял, перш за ўсё Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання, павінен быць задзейнічаны ў выпадку неабходнасці адбівання знешняй агрэсіі, лакалізацыі якіх-небудзь пагранічных канфліктаў. Сілавы патэнцыял АДКБ створаны менавіта для гэтага, хоць у нас ёсць і міратворчыя сілы. Прычым, звяртаю ўвагу, што, у адпаведнасці з дзеючым у АДКБ пагадненнем, выкарыстанне міратворчых сіл магчыма толькі для падтрымання дасягнутага міру паміж бакамі канфлікту. Не для баявых аперацый па прымушэнні да міру тых ці іншых бакоў, што проціборствуюць, а менавіта для падтрымання міру.

- Міратворчыя сілы могуць быць выкарыстаны толькі ўнутры АДКБ?

- Не, пагадненне, ратыфікаванае ўсімі дзяржавамі, дае права задзейнічаць міратворчыя сілы як на тэрыторыі дзяржаў - членаў АДКБ, так і за іх межамі. Але гэта можа быць зроблена толькі ў адпаведнасці з мандатам і па просьбе Савета бяспекі ААН, а таксама толькі пасля прыняцця адпаведнага рашэння Саветам калектыўнай бяспекі АДКБ.

- Цяпер у АДКБ ствараюцца новыя сілавыя падраздзяленні, у прыватнасці авіяцыйныя. Якія задачы яны будуць выконваць і калі плануецца завяршыць іх стварэнне?

- Гэта прадаўжэнне работы па ўдасканаленні сілавога складніка арганізацыі. Мы зразумелі, што для сіл, якія сфарміраваны ў АДКБ і якія інтэгруюцца ў войскі (а гэта двухбаковыя групоўкі, Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання, Калектыўныя сілы хуткага разгортвання Цэнтральна-Азіяцкага рэгіёна, Міратворчыя сілы), патрэбны сродкі іх дастаўкі ў пункт правядзення аперацыі. Таму і прызнана мэтазгодным стварыць Калектыўныя авіяцыйныя сілы АДКБ. Думаю, што на працягу гэтага года мы завершым іх фарміраванне і прадставім у канцы года прэзідэнтам адпаведныя дакументы. Кіраўнікі дзяржаў павінны зацвердзіць прынцыпы функцыянавання Калектыўных авіяцыйных сіл і, самае галоўнае, іх баявы і колькасны склад.

Акрамя таго, у АДКБ фарміруюцца Сілы спецыяльных аперацый. Гэта падраздзяленні, якія павінны забяспечыць спецыяльнымі формамі і метадамі падтрымку дзейнасці тых ці іншых узброеных фарміраванняў у АДКБ. Мера абсалютна неабходная ва ўмовах сучаснай вайны. Такія спецпадраздзяленні могуць процідзейнічаць кібератакам, з выкарыстаннем спецыяльных сродкаў перахопліваць тыя ці іншыя сігналы, інфармацыйныя паведамленні і гэтак далей. Плануецца, што гэта будзе цэлы набор падраздзяленняў, напрыклад, такіх як падраздзяленні інфармацыйна-псіхалагічных аперацый.

- Значыць, гэта будзе такі высока абучаны спецназ?

- Так. Гэта вельмі важнае падраздзяленне, якое асабліва неабходна пры правядзенні розных міратворчых аперацый. Я думаю, што гэты кампанент вельмі запатрабаваны сёння ва ўмовах сучасных метадаў вядзення ўзброенай барацьбы.

-Усе тры дзяржавы, якія заявілі аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза - Беларусь, Расія і Казахстан, а таксама Арменія і Кыргызстан, што маюць намер да яго далучыцца, адначасова з'яўляюцца і членамі АДКБ. Як, на ваш погляд, будуць развівацца ўзаемаадносіны гэтых дзвюх інтэграцыйных структур і ці магчыма ў далейшым зліццё ЕАЭС і АДКБ у адну ваенна-палітычную і эканамічную арганізацыю?

- Ёсць дзве мадэлі работы ў гэтым напрамку. Першая мадэль, якая выкарыстоўваецца сёння, напрыклад, у Еўропе, - НАТА і Еўрасаюз: ні адна дзяржава не прымаецца ў Еўрасаюз, пакуль яна не ўступіць у Паўночна-Атлантычны альянс. НАТА займаецца бяспекай, Еўрасаюз - палітыкай, эканомікай і гэтак далей. Такую ж схему прадугледжваецца пакуль прымяніць і ва ўзаемаадносінах Еўразійскага эканамічнага саюза і АДКБ. Гэта значыць саюз будзе вырашаць пытанні эканомікі, а АДКБ - палітыкі і бяспекі. Я думаю, што мы будзем працаваць менавіта ў такім ключы.

Але я не выключаю, што на нейкім этапе, калі і АДКБ, і, асабліва, Еўразійскі эканамічны саюз стануць больш дасканалымі, калі будуць наладжаны ўсе механізмы ўзаемадзеяння, узнікне патрэбнасць у іх зліцці. Хоць асабіста я як эксперт, які ўсё жыццё займаецца пытаннямі бяспекі, лічу, што аб'ядноўваць дзве структуры ў адзін саюз, ва ўсялякім выпадку ў бліжэйшай перспектыве, было б памылковым. Таму што гэты саюз стане грувасткім, складана кіруемым. Лепш, калі б дзве арганізацыі ўзаемадзейнічалі, дакладна вызначыўшы сферы ведання і размежаваўшы паўнамоцтвы. Я думаю, што мы да гэтага ў бліжэйшы час падыдзем.

- Як вы ацанілі б уклад Беларусі ў забеспячэнне калектыўнай бяспекі?

- Як адзін з самых значных. Беларусь вельмі актыўная ў АДКБ. Па-першае, зладжана працуе дзяржаўны апарат. Магчыма, самая дысцыплінаваная, самая зладжаная работа апарату ў структурах, з якімі мы ўзаемадзейнічаем, гэта беларускія структуры: заўсёды своечасова вельмі глыбокая прапрацоўка тых ці іншых пытанняў. Па-другое, вялікая колькасць розных ініцыятыў. Усе ініцыятывы канструктыўныя, арыентаваныя перш за ўсё на вырашэнне тых ці іншых канкрэтных праблем у сферы забеспячэння калектыўнай бяспекі. Па-трэцяе, вялікая колькасць мерапрыемстваў, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пад сцягам АДКБ. Гэта і інфафорумы, і розныя сустрэчы з экспертамі, і правядзенне вучэнняў, і многае іншае, не буду пералічваць. І, нарэшце, вельмі канструктыўная і крэатыўная пазіцыя кіраўніцтва, перш за ўсё Прэзідэнта Беларусі, а таксама яго каманды - гэта міністр абароны, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі, міністр замежных спраў, якія ў ходзе работы на ўзроўні статутных органаў АДКБ заўсёды вельмі актыўныя і арыентаваны на пошук канструктыўных вырашэнняў праблем, звязаных з забеспячэннем калектыўнай бяспекі. Таму гэтыя чатыры фактары даюць мне падставу абсалютна сумленна і абгрунтавана гаварыць аб тым, што Беларусь вельмі актыўная ў дзейнасці АДКБ.

Эдуард ПІВАВАР
Поўная версія