Поўная версія

Міхаіл Орда: ФПБ плануе павялічыць колькасць прафсаюзных арганізацый у прыватным сектары эканомікі

Інтэрв'ю 20.05.2015 | 17:20

У Мінску 21-22 мая адбудзецца VII з'езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў збяруцца больш за 500 дэлегатаў, якія прадстаўляюць усе рэгіёны і галіны народнай гаспадаркі. У рабоце з'езда таксама прымуць удзел вышэйшыя службовыя асобы краіны, прадстаўнікі дырэктарскага корпуса, замежныя госці з 14 дзяржаў свету - лідары міжнародных прафсаюзных арганізацый, нацыянальных прафцэнтраў краін блізкага і далёкага замежжа, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і міжнародных арганізацый. Напярэдадні буйнейшага прафсаюзнага форуму пяцігоддзя старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда расказаў у інтэрв'ю БЕЛТА аб тым, чым жыве сучасны прафрух краіны і якія мэты перад сабой ставіць.


- З чым звязана правядзенне з'езда менавіта цяпер?


- З'езд ФПБ - гэта значная падзея для ўсёй краіны. Ён з'яўляецца вышэйшым органам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. З'езд праводзіцца раз у 5 гадоў. Адзіным выключэннем стаў IV з'езд ФПБ у 2002 годзе, які так і называўся - пазачарговы. Яго правядзенне было абумоўлена сітуацыяй, якая склалася ў прафсаюзным руху Беларусі. Што ж датычыцца VII з'езда ФПБ, то ён планавы, каляндарны. Гэтым з'ездам мы завяршаем прафсаюзную справаздачна-выбарную кампанію, якая праводзілася ва ўсіх прафарганізацыях у 2014 - пачатку 2015 года і супала са 110-годдзем прафсаюзнага руху Беларусі.


- Якія пытанні плануецца абмеркаваць на з'ездзе? На што будзе звернута першарадная ўвага?


- Асноўнай тэмай абмеркавання на з'ездзе стане праграма рэальнай работы Федэрацыі прафсаюзаў на бліжэйшыя 5 гадоў. Асноўная задача прафсаюзаў у цяперашніх умовах - паўсюль і ў поўнай меры забяспечыць выкананне працоўнага заканадаўства. Усё, што гарантавана работнікам па законе, абавязкова павінна выконвацца!


- Якія канкрэтна планы ў ФПБ на бліжэйшыя некалькі гадоў?


- Нам неабходна ўлічваць сучасныя эканамічныя рэаліі, адаптавацца да змяненняў, якія непазбежны ў працэсе мадэрнізацыі прадпрыемстваў і развіцця прыватнага сектара. Аднак асноўная задача прафсаюзаў была і застанецца нязменнай: нашы намаганні будуць накіраваны на паляпшэнне ўмоў жыцця людзей, удасканаленне аплаты працы, забеспячэнне поўнай і плённай занятасці насельніцтва, стварэнне рабочых месц, забеспячэнне сацыяльных гарантый, а таксама на ўдзел прафсаюзаў у рэалізацыі эканамічнай палітыкі дзяржавы.


- Ці плануецца ствараць новыя прафсаюзныя арганізацыі?


- Так, мы сёння гаворым аб неабходнасці стварэння новых прафсаюзных арганізацый - гэта важнае пытанне, паколькі прыватны сектар эканомікі ў Беларусі расце і пашыраецца. Да нас прыходзяць замежныя інвестары, ствараюцца сумесныя прадпрыемствы і філіялы вялікіх замежных карпарацый. Аднак працуюць на іх такія ж грамадзяне Беларусі, як і работнікі дзяржпрадпрыемстваў. І яны таксама маюць поўнае права на абарону сваіх сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў.


Цяпер на прыватных прадпрыемствах створаны і паспяхова дзейнічаюць больш за 3 тысячы прафсаюзных арганізацый ФПБ, якія аб'ядноўваюць каля 800 тыс. працаўнікоў. І гэта работа будзе прадоўжана. Нядаўна нашы рады папоўніла пярвічная прафсаюзная арганізацыя ТАА "Еўрагандаль" (буйнейшая гандлёвая сетка "Еўраопт"), агульная колькасць работнікаў якога перасягае 30 тыс. чалавек, ёсць дамоўленасці з кампаніяй "5 элемент", вядуцца перагаворы на "Вэлкоме".


Таксама Федэрацыя прафсаюзаў сочыць за тым, каб у ходзе прыватызацыі або рэструктурызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў новы ўласнік не процідзейнічаў прафсаюзнай арганізацыі. Лічу, гэта ў нашых агульных інтарэсах, паколькі размова ідзе аб абароне сацыяльна-эканамічных правоў беларускіх грамадзян.


- Якія галіны цяпер ахоплівае ФПБ і колькі ўсяго членаў па краіне?


- Агульная колькасць членаў Федэрацыі прафсаюзаў на працягу апошніх гадоў стабільна расце. На гэты час у радах ФПБ знаходзіцца 4 млн 97 тыс. чалавек, або 96,5 працэнта эканамічна актыўнага насельніцтва краіны, што робіць Федэрацыю прафсаюзаў самым масавым грамадскім аб'яднаннем Беларусі.


Нашы арганізацыі ёсць ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі: у прамысловасці, будаўніцтве, аграпрамысловым комплексе, сістэме адукацыі, медыцыне. Галіновы прынцып адлюстраваны ў структуры Федэрацыі прафсаюзаў, якая аб'ядноўвае 28 галіновых прафсаюзаў. Акрамя таго, ФПБ шырока прадстаўлена ў рэгіёнах і ўключае ў сябе шэсць абласных і Мінскае гарадское аб'яднанні прафсаюзаў. З пачатку бягучага года пачалі работу 137 раённых і гарадскіх аб'яднанняў прафсаюзаў.


Міхаіл МАЦІЕЎСКІ

Поўная версія