Поўная версія

Аляксей Угараў: Паспяховае выступленне ў зборнай Беларусі на ЧС-2014 важнейшае, чым падпісанне добрага клубнага кантракта

Інтэрв'ю 09.04.2014 | 12:25
У 2005 годзе галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі Глен Хэнлан запрасіў маладога перспектыўнага форварда мінскага "Юнацтва" Аляксея Угарава ў сваю каманду і даў магчымасць згуляць на чэмпіянаце свету ў Аўстрыі. Ігрок не расчараваў канадскага настаўніка, які праз некалькі гадоў пакінуў сваю пасаду. Клубная кар'ера Угарава пасля дэбюту на вышэйшым узроўні за зборную пайшла ўверх. Ён быў запрошаны ў расійскую каманду "Нафтахімік" (Ніжнякамск). Выступаючы спачатку ў суперлізе, а потым і ў КХЛ, нападаючы пастаянна прыцягваўся ў склад беларускай зборнай на галоўныя турніры. Магчыма, не стане выключэннем і гэты год. Глен Хэнлан, які вярнуўся на ранейшую работу ў Беларусь, не забыў Аляксея і выклікаў яго на вучэбна-трэніровачны збор перад дамашнім чэмпіянатам свету. Хакеіст падзяліўся ўражаннямі аб праводзімых гэтымі днямі ў "Мінск-Арэне" занятках пад кіраўніцтвам новага старога трэнера, чаканнях ад маючага адбыцца форуму, перспектывах сваёй кар'еры. Інтэрв'ю з Аляксеем Угаравым БЕЛТА адкрывае цыкл публікацый з галоўнымі дзеючымі асобамі майскага хакейнага свята ў Мінску.

- Аляксей, як вам працуецца на зборы? Якія нагрузкі?


- На першых занятках больш увагі ўдзялялася фізічнай падрыхтоўцы, паляпшэнню функцыянальнага стану. Потым сталі займацца тактыкай. Усе, хто прыязджаў на зімовы збор, працуюць па знаёмых схемах. Але, зразумела, нейкія тонкасці прысутнічаюць. Штосьці галоўны трэнер нам нагадвае, падводзіць бліжэй да гульнявых дзеянняў. Трэнер, думаю, ведае, што робіць і нагрузкі размяркоўвае як трэба.

- Як ацэніце сваю спартыўную форму?

- Як толькі завяршыў клубны сезон ва ўладзівастоцкім "Адмірале", адразу далучыўся да зборнай Беларусі. Тут былі і цяжкія трэніроўкі, і разгрузачныя. У бліжэйшых спарынгах якраз праверым кандыцыі. Наколькі я магу меркаваць, гуляць з камандай Нарвегіі 9 і 11 красавіка трэба будзе ў тры звяны. Будзем вельмі стамляцца, але, думаю, трэнер менавіта з такім прыцэлам нас і бярэ на гэтыя матчы. Уласную гатоўнасць у працэнтах ацэньваць пакуль не стаў бы. Гульні ўсё пакажуць, паколькі трэніроўкі з імі не параўнаюцца.

- Не сакрэт, што ваш кантракт з "Адміралам" практычна завершаны. Ці ёсць у вас прапановы аб далейшым супрацоўніцтве ад гэтага клуба або ад іншых каманд КХЛ?

- Кантракт з "Адміралам" завяршаецца ў маі. Гаварыць аб прапановах пакуль не буду. Усё на ўзроўні асабістых кантактаў. Галоўнае, што я поўнасцю свабодны ў выбары, ніякіх перашкод няма. Але выбіраць трэба з улікам інтарэсаў сям'і. Менавіта з гэтага буду зыходзіць пры заключэнні кантракта.

- Ці няма жадання пачакаць з гэтым да завяршэння чэмпіянату свету 2014 года?

- Хочацца, каб усё адбылося загадзя, - буду спакойна сябе адчуваць. Але я прыехаў выступаць за зборную Беларусі не для таго, каб падпісаць нейкі добры кантракт, а менавіта дапамагчы паспяхова выступіць нацыянальнай камандзе. На дамашнім чэмпіянаце свету хочацца паказаць краіне, як мы змагаемся на лёдзе, як аддаёмся гульні.

- А дзе для вас асабіста лепш выступаць: у Еўропе або, магчыма, на Далёкім Усходзе Расіі?

- Розніцы няма. На выбар каманды ўплывае шмат дробязей. Нельга адназначна вылучаць які-небудзь клуб або які-небудзь рэгіён.

- Ці атрымалася поўнасцю ўжо абстрагавацца ад клубнага сезона і сканцэнтравацца толькі на зборнай?

- На гэты момант - так. Кантракт завяршаецца. Сезон прайшоў - нядрэнны сезон, а цяпер усе думкі аб "свеце". Нейкага штучнага нагнятання сітуацыі няма, і рабоце нішто не перашкаджае.

- Планетарны чэмпіянат пры родных балельшчыках - для вас гэта..?

- У першую чаргу адказнасць. Балельшчыкі, родныя, сябры збіраюцца прыехаць. Упэўнены, што атмасфера на трыбунах будзе надзвычайнай. Думаю, што ў Мінску будуць збірацца поўныя стадыёны, як ні на якім іншым чэмпіянаце. Мяне, напрыклад, прасілі купіць білеты на матчы знаёмыя з Уладзівастока, Ніжнякамска, Казані. Усе яны ўжо з нецярпеннем чакаюць прыезду ў Беларусь.

- У хуткім часе ў трэніровачны лагер зборнай Беларусі з розных каманд прыбудуць вашы непасрэдныя канкурэнты за месца ў складзе. Што думаеце наконт гэтага?

- Канкурэнцыя павінна быць і ў клубе, і ў зборнай. Без яе няма прафесійнага росту і добрых вынікаў. Паверце, шмат ігракоў хочуць выступіць у складзе беларускай каманды на дамашнім чэмпіянаце свету. Узросшая канкурэнцыя абрадуе трэнераў. Кожны ігрок павінен даказваць, чаго ён варты, і трапляць у каманду па заслугах.

- Што б вы хацелі сказаць беларускім балельшчыкам напярэдадні чэмпіянату свету?

- Перш за ўсё, хацеў бы павіншаваць іх з вялікім святам хакея, якое пройдзе ў Мінску. Мне вядома, што ў нашай краіне людзі вельмі цёпла адносяцца да такога віду спорту, як хакей з шайбай. Балельшчыкам жадаю атрымаць станоўчыя эмоцыі і ад матчаў зборнай Беларусі, і ад усяго турніру ў цэлым. Не сумняваюся, што на кожнай гульні нашай каманды будзе збірацца поўная "Мінск-Арэна".

- Як лічыце, наколькі паспяхова правядзе Беларусь сусветны хакейны форум?

- Думаю, што гасцям, якія прыедуць на чэмпіянат, спадабаецца ўсё. Упэўнены,непасрэдныя ўдзельнікі турніру таксама застануцца задаволены і раздзявалкамі, і лёдам, і атмасферай на трыбунах. Не люблю загадваць, гаварыць прыгожыя словы, але і беларускія хакеісты пастараюцца зрабіць усё магчымае, каб людзі запомнілі наша выступленне з лепшага боку. Мы будзем выходзіць на кожны матч вельмі мабілізаванымі, старацца і здабываць ачкі.

Сяргей ТРАФІМОВІЧ
Поўная версія