Поўная версія

Аляксандр Сотнікаў: Нацбанк прапануе падключаць дзяржорганы і камерцыйныя арганізацыі да адзінай банкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі кліентаў

Інтэрв'ю 30.04.2015 | 13:50

Нацыянальны банк Беларусі вынес на грамадскае абмеркаванне праект указа аб развіцці лічбавых банкаўскіх тэхналогій. Дакумент прайшоў першы этап узгаднення ў дзяржорганах і ў цэлым атрымаў станоўчую ацэнку. Адна з навацый - распрацоўка адзінай банкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі кліентаў. Падрабязней аб планах па яе стварэнні і перспектывах беларускага рынку лічбавых банкаўскіх паслуг у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій Нацбанка Аляксандр Сотнікаў.


- Аляксандр Яўгенавіч, як прапануецца арганізаваць работу адзінай банкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі кліентаў, чым яна будзе зручнай?


- Плануецца, што інфармацыю ў адзіную сістэму ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі будзе накіроўваць інфармацыйная сістэма банка, у якім кліент прайшоў першасную ідэнтыфікацыю або абнавіў ідэнтыфікацыйныя даныя. Калі ён звернецца ў іншы банк, той для атрымання неабходных даных скарыстаецца адзінай сістэмай.


Такім чынам, будзе створана ідэнтыфікацыйная (аўтэнтыфікацыйная) матрыца, у якой кожнай банкаўскай аперацыі і паслузе будзе адпавядаць мінімальны ўзровень ідэнтыфікацыі. Усё будзе залежаць ад значнасці аперацыі, яе складанасці, сумы і гэтак далей. Напрыклад, для прагляду балансу рахункаў, правядзення з іх дапамогай плацяжоў, блакіроўкі/разблакіроўкі карткі будзе дастаткова лагіна і статычнага пароля. Для правядзення ўкладных аперацый, адкрыцця/закрыцця рахункаў, афармлення авердрафтаў і спажывецкіх крэдытаў трэба будзе выкарыстоўваць аднаразовыя паролі і звяртацца да дадатковай аўтэнтыфікацыі ў выглядзе токенаў. А работа са складанымі паслугамі і прадуктамі, такімі як іпатэчнае крэдытаванне, і здзелкамі на вялікія сумы будзе магчыма толькі з выкарыстаннем электроннага лічбавага подпісу.


- Якія яшчэ навацыі прадугледжвае падрыхтаваны Нацбанкам праект указа?


- Прапануецца надзяліць Нацбанк паўнамоцтвамі па ўстанаўленні пераліку банкаўскіх аперацый і паслуг банкаў, якія можна будзе атрымаць з выкарыстаннем прапануемых банкаўскіх лічбавых тэхналогій. Рэгулятар вызначыць таксама правілы і ўмовы афармлення тых ці іншых дакументаў у лічбавым асяроддзі ў залежнасці ад сутнасці аперацыі або паслугі, ад памеру здзелкі, ад прымяняемых метадаў ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі і іншых фактараў, што дасць магчымасць забяспечыць цэласнасць і сапраўднасць гэтых дакументаў і мінімізаваць рызыку пры правядзенні аперацый дыстанцыйнага абслугоўвання кліентаў.


Праект указа ўстанаўлівае, што абавязкова прадастаўляць даныя ў адзіную сістэму ідэнтыфікацыі будуць банкі. Але ў працэсе свайго развіцця яна, лічу, можа быць дапоўнена нябанкаўскімі каналамі атрымання і распаўсюджвання ідэнтыфікацыйнай інфармацыі. Яе пастаўшчыкамі могуць выступаць дзяржаўныя органы, напрыклад, Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства ўнутраных спраў. Дзяржорганы ў сваю чаргу нараўне з банкамі могуць быць і спажыўцамі ідэнтыфікацыйнай інфармацыі, як, дарэчы, і камерцыйныя арганізацыі.


- Адзіная сістэма ў першую чаргу прызначана значна спрасціць доступ да банкаўскіх паслуг. Што яшчэ зменіцца ў жыцці беларусаў у выпадку прыняцця ўказа?


- Праект указа аб развіцці лічбавых банкаўскіх тэхналогій прадугледжвае стварэнне інфраструктуры, якая будзе стымуляваць удзельнікаў рынку перайсці на адзіны стандарт электроннага лічбавага подпісу. Прадугледжаныя дакументам меры будуць садзейнічаць уключэнню фізічных асоб у працэс атрымання і выкарыстання электроннага лічбавага подпісу.


Цяпер у банках выкарыстоўваюцца прыватныя электронна-лічбавыя подпісы. Прымяняць іх можна толькі ў адным банку, што выключае магчымасць правядзення міжбанкаўскіх аперацый з выкарыстаннем электронна-лічбавых подпісаў. Пры гэтым патрэбнасць кліентаў у такіх аперацыях даволі высокая.


Адзіная сістэма дасць магчымасць вырашыць пытанне правядзення міжбанкаўскай ідэнтыфікацыі. У выпадку яе стварэння юрыдычным асобам, ужо ідэнтыфікаваным у адным з банкаў, можна будзе выкарыстоўваць адзіныя даныя для правядзення юрыдычна значных дзеянняў у іншым банку. Пры гэтым ужо не спатрэбіцца пакет дакументаў, раней прадстаўлены ў першы банк. Такім чынам, дзякуючы сістэме адзіным электронна-лічбавым подпісам можна будзе падпісваць любыя юрыдычна значныя дакументы ў любым беларускім банку.


- Як вы ацанілі б цяперашні ўзровень развіцця беларускага рынку лічбавых банкаўскіх паслуг, і якія змяненні чакаюць яго ў далейшым?


- У планах беларускіх банкаў - рэалізацыя біяметрычных тэхналогій для аддаленага абслугоўвання кліентаў. Першым беларускім банкам, які стаў на біяметрычныя рэйкі, стаў Белгазпрамбанк, што зусім нядаўна запусціў дадатковую аўтэнтыфікацыю на аснове выкарыстання тэхналогіі TouchID. Біяметрычную ахову банкаўскіх даных прымяняюць у Амерыцы і Еўропе. Напрыклад, славацкі Татра Банк аўстрыйскай банкаўскай групы Raiffeisen выкарыстоўвае галасавую біяметрыю для аўтэнтыфікацыі доступу карыстальнікаў да паслуг кантакт-цэнтра. На тэрыторыі СНД біяметрыю выкарыстоўваюць некалькі ўстаноў. Сярод іх Лета Банк з групы ВТБ, праўда, іх функцыянал знаходзіцца на этапе пілотнай эксплуатацыі. Банк ВТБ з бягучага года пачаў уводзіць біяметрычныя метады аўтэнтыфікацыі ў свае тэрміналы.


Асноўны драйвер развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій у Беларусі - працэсы, якія рэлізуюцца на базе банкаўскіх плацежных картак. Праз дыстанцыйнае абслугоўванне праводзяцца ўжо плацяжы, афармляюцца заказы на плацежныя карткі і заяўкі на крэдыты, ажыццяўляюцца пераводы паміж рахункамі кліентаў. Праз ДБА кліентам прадастаўляецца магчымасць кіраваць лімітамі і абмежаваннямі па аперацыях з плацежнымі карткамі, падключаць/адключаць такія паслугі, як СМС-паведамленне, 3DSecure, ініцыіраваць пашырэнне функцыянальнасці існуючых у банкаў прадуктаў.


Падагульняючы, магу сказаць, што беларусы не па чутках знаёмы з дыстанцыйнымі банкаўскімі паслугамі. Інтэрнэт- і СМС-банкінгі, мабільны банкінг могуць падключыць трымальнікі плацежных картак 22 банкаў. Ініцыятывы, выпрацаваныя Нацыянальным банкам, дадуць магчымасць надаць дадатковы імпульс развіццю лічбавых банкаўскіх тэхналогій, закласці асноўныя трэнды развіцця лічбавага банкінгу ў краіне на бліжэйшую перспектыву.


Святлана САЎКО

Поўная версія