Вясновы абрад "Юраўскі карагод" уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Унікальная традыцыя адзначана ахоўным статусам ЮНЕСКА*.
Даўней абрад праводзіўся ў розных вёсках недалёка ад Турава. У нашы дні яго выконваюць толькі ў вёсцы Пагост** (Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць).
Абрад праводзіцца штогод на свята Юр'я для ўрадлівасці зямлі і дабрабыту.
Рыхтуюцца да свята загадзя: выпякаюць абрадавы хлеб-каравай ("карагод"), які ўпрыгожваюць каласамі з цеста, кветкамі і стужкамі.
Яшчэ адзін элемент свята - "ралца" (тры галінкі алычы або слівы з трыма пасынкамі, якія сімвалізуюць жаночы пачатак). Іх абмотваюць палоскамі з цеста, а затым разам з хлебам адпраўляюць у печ.
У дзень абраду жыхары Пагоста ў нацыянальным адзенні выходзяць у поле, праходзячы праз сімвалічныя "вароты з ручнікоў".
Першым нясуць абраз Божай Маці, за ім - каравай-"карагод" у руках "ваяводы". Затым ідуць васьміканцовая зорка і зялёны фартух, замацаваны на драўляных граблях.
Несці ўсе гэтыя сімвалы давяраюць толькі мужчынам.
У полі ўдзельнікі абраду звяртаюцца да святога з просьбай пра будучы ўраджай. Затым у зямлю закопваюць кавалачак хлеба, перавязанага чырвонай стужкай, каб збожжа ўрадзілася шмат.
Усе ад малога да вялікага водзяць карагоды вакол сімвалаў абраду, спяваюць старадаўнія вясновыя песні. Каравай тройчы ўзносяць да неба, а зялёны фартух мяняюць на чырвоны.
Пасля ўдзельнікі абраду вяртаюцца ў вёску, водзяць карагод ля дамоў. За пажаданні добрага здароўя і дабрабыту ("каб усё радзіла і пладзіла") гаспадары дзякуюць святочным пачастункам.
*Абрад "Юраўскі карагод" уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2019 г.
**Абрад адроджаны дзякуючы жыхарцы Пагоста Кацярыне Панчэні.
Крыніцы: адкрытыя крыніцы