Герб, сцяг, гімн з'яўляюцца галоўнымі сімваламі дзяржаўнага суверэнітэту.
У другую нядзелю мая святкуецца Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўны герб
Размешчаны ў сярэбраным полі залаты контур дзяржаўнай граніцы рэспублікі, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца.
Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка.
Герб абрамлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева - кветкамі лёну.
Вянок тройчы абвіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, на якой змешчаны надпіс золатам: "Рэспублiка Беларусь".
Дзяржаўны сцяг
Прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй - чырвонага колеру і ніжняй - зялёнага колеру.
Адносіны шырыні палос чырвонага і зялёнага колеру - 2:1.
Адносіны шырыні сцяга і яго даўжыні - 1:2.
Ля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі.
Сцяг мацуецца на дрэўку (флагштоку), афарбаваным у залацісты (вохра) колер.
Дзяржаўны гімн
Музычна-паэтычны твор, што выконваецца ва ўрачыстых выпадках, пералік якіх замацоўваецца ў заканадаўстве. Гімн мае сваіх аўтараў: музыку напісаў кампазітар Н.Ф.Сакалоўскі, словы - беларускія паэты М.М.Клімковіч, У.І.Карызна.
Крыніца: закон "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь" ад 5 ліпеня 2004 года.