Да 80-годдзя вызвалення Беларусі. Мемарыял на плошчы Перамогі ў Віцебску
Манумент у гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў велічна ўзвышаецца на плошчы Перамогі ў Віцебску - самай вялікай* у краіне.
Плошча Перамогі адкрыта 30 чэрвеня 1974 г.
Мемарыяльны комплекс уключае цэнтральны помнік (тры абеліскі), дзесяць каменных пілонаў, два штучныя басейны, у якіх струменіцца вада. У пачатку 90-х гадоў комплекс дапоўнілі скульптурнымі кампазіцыямі, на якіх савецкія салдаты і мірныя гараджане.
Галоўны манумент - тры абеліскі вышынёй 56 метраў ("Тры штыкі"), якія звужаюцца ўгору. Абеліскі аб'яднаны гарызантальным гранітным поясам, на кожнай грані якога рэльефы, што праслаўляюць бессмяротны подзвіг воінаў, партызан і падпольшчыкаў.
На каменных пілонах (па пяць з кожнага боку плошчы) пералічаны гады Вялікай Айчыннай вайны.
Ля падножжа мемарыяла гарыць Вечны агонь.
Побач з помнікам размешчаны парк Пераможцаў, дзе на Алеі воінскай славы прадстаўлена выстава ваеннай тэхнікі.
З хронікі вызвалення Беларусі:
Віцебск вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у адзін з першых дзён буйнейшай у гісторыі ваеннай аперацыі - Беларускай аперацыі "Баграціён".
Раніцай 26 чэрвеня 1944 г. воіны 158-й стралковай дывізіі 39-й арміі пры садзейнічанні байцоў 145-й стралковай дывізіі 43-й арміі поўнасцю ачысцілі горад ад ворага.
*Памеры плошчы Перамогі ў Віцебску: даўжыня - 380 м, шырыня - 190 м, займае 7,22 га.
Крыніцы: Віцебскі аблвыканкам, адкрытыя крыніцы.