Поўная версія

Зяленскі бачыць патэнцыял для выхаду беларуска-ўкраінскай прадукцыі на рынкі трэціх краін

Эканоміка 04.10.2019 | 19:55

4 кастрычніка, Жытомір /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі бачыць патэнцыял для выхаду сумеснай беларуска-ўкраінскай прадукцыі на рынкі трэціх краін. Аб гэтым ён заявіў на пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў украінскага лідара, ёсць вялікі патэнцыял, каб удасканаліць вытворчасці для агульнага выхаду на рынкі трэціх краін. Гэтаму будуць садзейнічаць змяненні ва Украіне, якія пазітыўна ацэняць бізнес-супольнасць, крэдыторы і інвестары. "Я запрашаю беларускіх інвестараў да супрацоўніцтва", - сказаў Уладзімір Зяленскі і выказаў упэўненасць, што гэта ўзаемадзеянне будзе паспяховым і прагрэсіўным.

Прыярытэты супрацоўніцтва ўкраінскі Прэзідэнт бачыць у паліўна-энергетычнай сферы, інфраструктурных і транспартных праектах, прамысловасці, узаемадзеянні ў аграрна-прамысловым комплексе.

Уладзімір Зяленскі адзначыў, што Беларусь з'яўляецца ключавым гандлёвым партнёрам Украіны. Тавараабарот паміж краінамі па выніках 2018 года дасягнуў $5,5 млрд. Разам з тым, паводле яго слоў, гэтыя лічбы могуць быць значна вышэйшыя, што з'яўляецца задачай міжурадавай камісіі. З украінскага боку яе склад у бліжэйшы час будзе абноўлены.

Украінскі лідар звярнуў увагу на сферу турызму. "Мы заўсёды рады бачыць беларускіх грамадзян ва Украіне, - сказаў ён. - Многім украінцам цікава пазнаёміцца ​​з беларускімі гарадамі, іх помнікамі архітэктуры. Веру, што форум будзе садзейнічаць добрым адносінам у гэтым напрамку".

Форум рэгіёнаў умацоўвае партнёрства паміж краінамі ва ўсіх сферах на ўзроўні не толькі дзвюх сталіц, але і рэгіёнаў і асобных прадпрыемстваў, адзначыў Уладзімір Зяленскі. Кіраўнік украінскай дзяржавы лічыць, што гэта мерапрыемства варта праводзіць рэгулярна. Такое глыбіннае супрацоўніцтва з'яўляецца важным складнікам адносін паміж дзвюма краінамі. Як доказ - падпісанне дагавораў у рамках форуму на суму больш як $540 млн.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія