Поўная версія

Ураджай ільнотрасты ў Беларусі на 14 працэнтаў вышэйшы за мінулагодні - Мінсельгасхарч

Эканоміка 02.12.2019 | 17:25
ТАА "Карэлічы-Лён". Фота з архіва
ТАА "Карэлічы-Лён". Фота з архіва

2 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ураджай ільнотрасты ў Беларусі на 14 працэнтаў вышэйшы за мінулагодні, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінсельгасхарча.

"Лён-даўгунец у бягучым годзе вырошчваўся ў 46 раёнах Беларусі. Паводле аператыўнай інфармацыі, нарыхтавана 154,5 тыс. т ільнотрасты, што на 19 тыс. т (або на 14 працэнтаў) вышэй за ўзровень мінулага года. Ураджайнасць склала 31,7 ц з 1 га (плюс 1,9 ц да паказчыкаў 2018 года), - расказалі ў прэс-службе. - Першасная перапрацоўка лёну праводзіцца на 22 ільнозаводах і двух вытворчых участках. За 10 месяцаў бягучага года выпрацоўка льнянога валакна склала 26,9 тыс. т, што на 684 т больш, чым за аналагічны перыяд 2018 года. Выхад агульнага валакна павялічыўся на 1,5 працэнтнага пункта і склаў 27,6 працэнта".

На базе ТАА "Карэлічы-Лён" адбылася выязная нарада па пытаннях павышэння эфектыўнасці льняной галіны Беларусі пад кіраўніцтвам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоля Хацько. Разглядаліся пытанні настройкі і рэгуліроўкі тэхнічнага абсталявання першаснай перапрацоўкі лёну, захавання нарматываў па выхадзе льнянога валакна, выканання ў бягучым годзе дзяржзаказу па пастаўках прадпрыемствам канцэрна "Беллегпрам", а таксама правядзення комплексу асенніх палявых работ пад ураджай лёну-даўгунцу 2020 года. Акрамя таго, абмяркоўвалася выкарыстанне на льнозаводах ільняной кастрыцы як асноўнага адходу першаснай перапрацоўкі лёну.

Аблсельгасхарчам даручана разгледзець праблемныя пытанні галіны на абласных калегіях, а таксама дадаткова прапрацаваць пытанне ўкаранення вытворчасці прадукцыі паглыбленай перапрацоўкі лёну на льнозаводах. Для забеспячэння належнай работы тэхналагічнага абсталявання, дасягнення нарматываў па выхадзе льновалакна плануецца арганізаваць вучобу інжынерных работнікаў, кантрольных майстроў і лабарантаў ільнозаводаў на базе навуковых інстытутаў і ўстаноў адукацыі.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія