Поўная версія

У беларускім урадзе паабяцалі трымаць руку на пульсе ў пытанні цэн на грэчку

Эканоміка 29.10.2019 | 16:10
Фота з архіва
Фота з архіва

29 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржава будзе трымаць руку на пульсе для таго, каб не было рэзкіх павышэнняў цэн на грэчку. Аб гэтым заявіў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Дворнік пасля даклада кіраўніку дзяржавы аб завяршэнні ўборачнай кампаніі і выкананні даручэнняў па пытаннях нарошчвання і дыверсіфікацыі экспарту, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.

"Сітуацыя па грэчцы сёння мае месца. Толькі з-за таго, што расійскі рынак у гэтым годзе недаатрымаў 20 працэнтаў тых аб'ёмаў, якія яны мелі ў папярэднія гады, - адзначыў Уладзімір Дворнік. - У Беларусі ёсць той запас дзяржзаказу, які мы ў гэтым годзе атрымалі, астаткі мінулага года. Дзяржава будзе трымаць руку на пульсе для таго, каб нейкіх скачкоў, рэзкіх павышэнняў цэн на гэты прадукт не было".

Ён дадаў, што ў мінулыя гады цана грэчкі на беларускім рынку была крыху вышэйшая, чым у Расіі, сёння яна выраўнавалася. "Таму я не думаю, што будуць нейкія скачкі і вывазы гэтай прадукцыі. Але мы на ўзроўні ўрада адсочваем гэту тэму і будзем маніторыць", - запэўніў віцэ-прэм'ер.

Як паведамлялася, кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў час нарады звярнуў увагу, што ўраджай грэчкі ў гэтым годзе меншы, чым у мінулым. "У Расіі грэчкі няма наогул. Майце на ўвазе, што ўся гэта грэчка пацячэ ў Расію, і мы застанёмся з мінімумам грэцкіх круп і высокімі цэнамі. Не дай бог гэта адбудзецца па цэнаўтварэнні. Мы дамовіліся", - папярэдзіў Прэзідэнт.

У кастрычніку расійскія СМІ напісалі, што ў краіне пачалі расці цэны на грэчку з-за рэкордна нізкага ўраджаю за апошнія пяць гадоў. "Пастаўшчыкі грэцкіх круп інфармуюць сеткі аб павышэнні цэн. Такія запыты сталі паступаць з верасня 2019 года", - піша дзелавая газета "Ведомости". Паводле інфармацыі выдання, пастаўшчыкі плануюць павысіць цэны да 50 працэнтаў.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія