Поўная версія

У Беларусі ўпершыню за некалькі гадоў адзначаецца дадатная дынаміка вытворчасці малака

Эканоміка 06.08.2015 | 15:12
6 жніўня, Мінск /Таццяна Лісатовіч - БЕЛТА/. Упершыню за апошнія некалькі гадоў у Беларусі адзначаецца дадатная дынаміка вытворчасці малака. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння аграрыі нашай краіны па прыбаўцы малака на карову "распячаталі" другі кілаграм - паводле аператыўных даных на 5 жніўня, ўзровень вытворчасці малака на карову склаў 14 кг 290 г, што на 1 кг 10 г вышэй за паказчык аналагічнага перыяду мінулага года", - канстатаваў міністр. Удоі растуць, нягледзячы на гарачае надвор'е, якое ўсталявалася ў Беларусі цяпер, на моцную засуху ў асобных рэгіёнах у пачатку лета. Пры гэтым прыбаўкі адзначаюцца ва ўсіх без выключэння рэгіёнах.

У цэлым па выніках работы за студзень-ліпень у рэспубліцы атрымана 3 млн 948 тыс. т малака, або 107,1 працэнта да ўзроўню мінулага года. На прадпрыемствы перапрацоўкі рэалізавана 3 млн 565 тыс. т малака (110,5 працэнта) пры таварнасці 90,3 працэнта, што на 1,4 працэнтнага пункта вышэй за аналагічны перыяд мінулага года. Дарэчы, і гэты бар'ер, паводле слоў міністра, айчынным вытворцам таксама даволі доўга не ўдавалася пераадолець. "А сёння мы ўжо ставім задачу дагнаць таварнасць да 92 працэнтаў", - падкрэсліў Леанід Заяц.

У пераліку на грошы, кошт дадатковых аб'ёмаў малака, якія паступілі на перапрацоўку (290 тыс. т), складае Br1,2 трлн. "Калі з гэтага малака вырабіць сыр, то дадаткова будзем мець Br2 трлн, - адзначыў міністр. - Такім чынам, сродкі, якія ўклала наша краіна з 2010 па 2014 год (гэта ні многа ні мала каля Br23 трлн) на рэканструкцыю малочных прадпрыемстваў, малочнатаварных ферм, будаўніцтва новых малочнатаварных комплексаў пачынае даваць аддачу. За гэта трэба сказаць асобнае дзякуй кіраўніку нашай дзяржавы, які ў свой час падтрымаў гэту праграму".

Паводле інфармацыі Мінсельгасхарча, на 1 ліпеня бягучага года ў рэспубліцы налічвалася 1 тыс. 607 малочнатаварных ферм, абсталяваных даільнымі заламі і робатамі. Гэта амаль 40 працэнтаў да агульнай колькасці МТФ у краіне. Тут атрымліваецца амаль 60 працэнтаў малака, утрымліваецца таксама амаль 60 працэнтаў пагалоўя. "Спецыялісты прайшлі пэўную падрыхтоўку, стажыроўку ў вядучых гаспадарках рэспублікі, - адзначыў міністр. - Усё гэта, нараўне з падтрымкай аблвыканкамаў, урада, і дае сёння той вынік, які мы маем".

Пры гэтым Леанід Заяц падкрэсліў: "На гэтым мы не будзем спыняцца - будзем паступова павялічваць і валавыя надоі, і якасныя паказчыкі".

Міністр звярнуў увагу на тое, што нараўне з ростам вытворчасці малака, расце і спажыванне малочных прадуктаў насельніцтвам. Так, за I паўгоддзе беларусы з'елі на 165,7 тыс. т малакапрадуктаў (у пераліку на малако) больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Зрэшты, павялічылася і спажыванне мяса і мясапрадуктаў (на 40 тыс. т). "Гэта, безумоўна, паўплывала і на эканамічныя паказчыкі нашых прадпрыемстваў і дало магчымасць мець пэўны запас прадуктаў харчавання для таго, каб мы забяспечылі экспартнае паступленне выручкі ў нашу краіну", - адзначыў міністр.

Пастаўкі малочнай прадукцыі, паводле яго слоў, выраслі на 121 працэнт (або на 315 тыс. т) да І паўгоддзя 2014 года. "Дзякуючы гэтаму мы маем па АПК валютную выручку ў памеры $1 млрд 514 млн і змаглі сфарміраваць дадатнае сальда па сістэме Мінсельгасхарча $848 млн", - канстатаваў Леанід Заяц.

"Наступная наша задача - павышаць якасныя паказчыкі па ўдоі малака на карову і зніжаць яго выдаткі, - адзначыў кіраўнік ведамства. - Гэта задача нумар адзін, таму з 1 верасня бягучага года мы пераходзім на новыя правілы па прыёмцы каровінага малака". Міністр нагадаў, што з 1 верасня Беларусь адмаўляецца ад другога гатунку малака - будзе толькі экстра, вышэйшы і першы. Малако, якое не адпавядае гэтым параметрам, будзе вяртацца вытворцу.

Міністр выказаў упэўненасць у тым, што працаваць у новых умовах айчынным вытворцам пад сілу. "Калі карова здаровая, яна будзе даваць здаровае якаснае малако. Таму задача спецыялістаў ветэрынарнай службы, заатэхнічнай, аператараў машыннага даення забяспечыць здароўе жывёлы і якасць малака. ...На якасці сыравіны мы ўзнімем і эканоміку нашых малочных прадпрыемстваў", - падкрэсліў Леанід Заяц.

Згодна з данымі абласных вытворчых мясамалочных аб'яднанняў за студзень-чэрвень бягучага года, на долю другога гатунку ў агульнай вытворчасці малака прыпадае толькі 1 працэнт.
Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія