Поўная версія

Румас: сітуацыя з экспартам няпростая і не можа задавольваць

Эканоміка 15.10.2019 | 16:48
Сяргей Румас
Сяргей Румас

15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сітуацыя з экспартам па выніках студзеня-жніўня 2019 года няпростая і не можа задавольваць, заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе разглядаюцца пытанні нарошчвання і дыверсіфікацыі экспарту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сітуацыя па выніках васьмі месяцаў няпростая і не можа нас задавольваць. Экспарт не дасягнуў узроўню аналагічнага перыяду мінулага года, тэмп росту (экспарту тавараў. - Заўвага БЕЛТА) - 96,9 працэнта. Шмат пытанняў да міністраў, губернатараў, сур'ёзна недапрацоўвае Міністэрства замежных спраў і кіраўнікі загранустаноў", - лічыць Сяргей Румас.

Калі ачысціць экспарт тавараў ад нафтавай групы, то тэмп росту складае 100,9 працэнта, аднак, на думку прэм'ер-міністра, гэта не павінна служыць ні для каго заспакаеннем.

Учора атрыманы папярэднія вынікі работы эканомікі за 9 месяцаў - рост прадаўжае запавольвацца (папярэдне 101 працэнт па выніках студзеня-верасня). "І гэта нягледзячы на дзяржаўную падтрымку і запэўненні кіраўнікоў міністэрстваў аб тым, што зацверджаныя планы будуць выкананы. Калі няма вытворчасці, як можа расці экспарт? Гэта ж узаемазвязаныя пытанні. Кіраўнікі павінны несці адказнасць за свае словы і абавязацельствы", - падкрэсліў кіраўнік урада. Ён даручыў першаму віцэ-прэм'еру Аляксандру Турчыну падрыхтаваць пасяджэнне Савета Міністраў па выніках работы эканомікі за 9 месяцаў, дзе прааналізуюць усе абяцанні, дадзеныя кіраўнікамі дзяржорганаў і прадпрыемстваў на пасяджэннях ва ўрадзе, з ацэнкай дзеянняў гэтых кіраўнікоў. Абмеркаванне запланавана ў першай дэкадзе лістапада.

Не ўдаецца размеркаваць пароўну экспартныя пастаўкі паміж ЕАЭС, ЕС і іншымі краінамі. Павялічылася доля ЕАЭС, прасела доля Еўрапейскага саюза. Тут вялікі ўплыў аказала нафта, асабліва ў частцы еўрапейскага рынку, аднак гэта не адзіная прычына, адзначыў Сяргей Румас.

Кіраўнік урада звярнуў увагу, што ў вырашэнні задачы краінавай дыверсіфікацыі экспарту важнейшая роля адводзіцца загранустановам. Аднак з 57 у 37 загранустановах не выконваюцца даведзеныя заданні па экспарце тавараў, у 15 - другі год запар. "Па большасці з гэтых загранустаноў няма аргументаваных тлумачэнняў, як і мер рэагавання з боку МЗС", - дадаў Сяргей Румас.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія