Поўная версія

Румас: сітуацыя ў эканоміцы Беларусі не задавольвае ўрад

Эканоміка 05.11.2019 | 12:55

5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі не задавольвае ўрад. Аб гэтым заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на пасяджэнні Савета Міністраў па выніках работы эканомікі ў студзені-верасні 2019 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Што датычыцца вынікаў студзеня-верасня бягучага года, то нельга сказаць, што сітуацыя ў эканоміцы задавольвае ўрад", - сказаў Сяргей Румас. Кіраўнік урада нагадаў, што да завяршэння года застаецца менш як два месяцы, часу для задзейнічання рэзерваў, якія па нейкіх прычынах не былі выкарыстаны ў гэтым годзе, вельмі мала.

"Ацэнка работы асобных дзяржаўных органаў адлюстравана ў пратакольным запісе, як і меры дысцыплінарнага ўздзеяння да іх кіраўнікоў. Гэтыя прапановы абмяркуем, але хачу папярэдзіць, што гэта толькі першы падыход да ацэнкі вынікаў работы за год", - сказаў прэм'ер-міністр.

Сярод станоўчых тэндэнцый - у цэлым у гэтым годзе забяспечаны рост эканомікі пры захаванні макраэканамічнай збалансаванасці. Інфляцыя ўтрымліваецца ў межах запланаваных значэнняў, сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі дадатнае - больш за $520 млн, стабільна працуе валютны і дэпазітны рынак. Чысты продаж валюты насельніцтвам склаў $638 млн, суб'ектамі гаспадарання - $719 млн. Прадаўжаюць расці тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва.

Рэспубліканскі бюджэт у гэтым годзе выконваецца, як і планавалася. "Абавязацельствы ўрада ў замежнай валюце выкананы своечасова і ў поўным аб'ёме. Пры гэтым золатавалютныя рэзервы краіны з пачатку года павялічыліся на $2 млрд і на 1 лістапада склалі $9,2 млрд", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва ў студзені-жніўні выраслі на 6,8 працэнта.

Разам з тым не выкананы важнейшыя параметры па росце прадукцыйнасці працы і экспарце, адстае ад прагнозу і тэмп росту ВУП. "Відавочна, што запаволенне тэмпаў росту ВУП абумоўлена адмоўнай дынамікай у ключавых галінах эканомікі. Запавольваюцца тэмпы росту прамысловасці. За 9 месяцаў аб'ём прамысловай вытворчасці склаў 100,7 працэнта, не вырашаецца сістэмная праблема - адсутнасць абаротных сродкаў", - звярнуў увагу Сяргей Румас.

Зніжэнне прамысловай вытворчасці заканамерна пацягнула ўніз транспартныя паслугі і аптовы тавараабарот. "У транспартнай сферы з пачатку года мы праселі ўжо на 2,3 працэнтнага пункта, у аптовым гандлі - на 3,4 працэнтнага пункта", - заўважыў кіраўнік урада.

Прэм'ер-міністр даручыў абазначыць у сённяшніх дакладах выразныя меры па выхадзе на абяцаныя параметры, асаблівую ўвагу ўдзяліць пытанням скарачэння затрат у падпарадкаваных арганізацыях і мерам па забеспячэнні росту прадукцыйнасці працы.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія