Поўная версія

Роўны доступ на рынкі і саюзны экспарт - Мінпрам аб прапановах па галіновай дарожнай карце з РФ

Эканоміка 12.09.2019 | 17:09

12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства прамысловасці Беларусі прапануе зрабіць прыярытэтамі галіновай дарожнай карты з Расіяй раўнапраўе прадпрыемстваў на агульным рынку, правядзенне адзінай прамысловай палітыкі і пашырэнне саюзнага экспарту. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік міністра прамысловасці Беларусі Сяргей Гунько, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наша пазіцыя ў тым, што мы павінны прыйсці да роўнадаступнасці нашых кампаній і прадпрыемстваў на агульным рынку. Не сакрэт, што ёсць абмежавальныя меры на нашым рынку і рынку Расіі. Наша пазіцыя - усе бар'еры зняць", - адзначыў Сяргей Гунько. Пры гэтым ён удакладніў, што для некаторых сфер неабходны абмежаванні. "Але пастулат і трэнд адзін - аднолькавы, роўны доступ прадпрыемстваў на нашы рынкі", - падкрэсліў ён. Для гэтага дарожная карта будзе прадугледжваць шэраг крокаў, у тым ліку змяненне нацыянальных заканадаўстваў.

Мінпрам Беларусі таксама выступае за адзіную прамысловую палітыку ў Саюзнай дзяржаве. "Не трэба ствараць на тэрыторыі дзяржаў прадпрыемствы, якія капіруюць той ці іншы прадукт. Напрыклад, у нас ёсць БелАЗ - кампанія, якая мае сусветныя кампетэнцыі, свой прадукт, рынак і ўзважаную стратэгію развіцця на бліжэйшыя 10 гадоў. Лагічна было б Расійскай Федэрацыі не развіваць або не ствараць, скажам так, клона, аналага БелАЗа", - растлумачыў Сяргей Гунько.

Намеснік міністра звярнуў увагу, што ў Расіі ёсць такое паняцце, як спецінвесткантракт, што дае магчымасць яе ўраду прыцягваць замежных інвестараў для рэалізацыі праектаў і прадастаўляць ім асобыя ўмовы для стварэння бізнесу. "Калі мы ў рамках адзінай прамысловай палітыкі вызначаем цэнтрам кампетэнцыі тыя ці іншыя прадпрыемствы ў Беларусі або Расіі, то, адпаведна, яны не павінны быць ушчэмлены канкурэнцыяй з боку іншых сусветных ігракоў. Як правіла, канкурэнцыя здаровая тады, калі ў нас роўныя сілы. Калі не - мы разумеем, што ідзе манапалізацыя", - сказаў ён.

Паводле слоў Сяргея Гунько, інтэграцыйныя праекты Беларусі і Расіі ў прамысловасці садзейнічаюць стварэнню прадукту, які не толькі цікавы ўнутры агульнага рынку, але і мае экспартны патэнцыял. "Неабходна стымуляваць стварэнне і развіццё такіх прадуктаў, прапанаваць такі фінансавы інструмент, які дазваляў бы прасоўваць і прадаваць іх на знешніх рынках. Гэта так званы саюзны экспарт", - рэзюмаваў ён.

Як паведамлялася, у пачатку верасня на ўзроўні прэм'ер-міністраў Беларусі і Расіі быў узгоднены праект праграмы дзеянняў па паглыбленні інтэграцыі і пералік дарожных карт. Цяпер бакам неабходна распрацаваць 31 дарожную карту для рэалізацыі гэтай праграмы.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія