Поўная версія

Прывядзенне нарматыўнай базы ў адпаведнасць з дэкрэтам нумар 7 можа заняць да 3 гадоў

Эканоміка 11.12.2017 | 15:27

11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прывядзенне нарматыўнай базы ў адпаведнасць з дэкрэтам нумар 7 можа заняць да 3 гадоў. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік дырэктара Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Дзмітрый Красоўскі на палях IX Міжнароднай канферэнцыі па аграэкатурызме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дзмітрый Красоўскі адзначыў, што калі дэкрэт нумар 7 уступае ў супярэчнасць з іншымі нарматыўнымі прававымі актамі, то дзейнічаюць палажэнні дэкрэта. "Так будзе да моманту, пакуль у гэтыя нарматыўныя прававыя акты не будуць унесены неабходныя змяненні. Урад ужо вядзе распрацоўку адпаведнага комплексу мер па рэалізацыі дэкрэта. Гэта зойме розны час - у залежнасці ад складанасці дакумента. Самыя тэрміновыя і простыя змяненні будуць рэалізаваны ўжо ў студзені-лютым 2018 года. Больш складаныя рэчы могуць заняць да 3 гадоў", - расказаў ён.

У якасці прыкладу намеснік дырэктара Дэпартамента па прадпрымальніцтве прывёў кодэкс аб горадабудаўнічай і архітэктурнай дзейнасці - яго прыняцце прадугледжана дэкрэтам толькі 1 студзеня 2020 года.

Дзмітрый Красоўскі адзначыў ролю яшчэ аднаго з пакета дакументаў па лібералізацыі бізнесу - гэта ўказ нумар 365, які спрашчае работу аграсядзіб. У дакуменце, напрыклад, рэалізавана магчымасць прыцягваць па працоўных дагаворах сваякоў. "Раней так рабіць было нельга. Гэта дасць магчымасць працаўладкоўваць людзей і афармляць свой сямейны бізнес паўнацэнна. Самае абмяркоўваемае новаўвядзенне - дазвол арганізоўваць вяселлі і банкеты. Мы сапраўды перажывалі, як гэта паўплывае на роўнасць канкурэнцыі паміж традыцыйным бізнесам грамадскага харчавання і аграсядзібамі. Але ў святле таго, што ўказ быў прыняты ў пакеце з іншымі лібералізацыйнымі дакументамі, такімі як дэкрэт нумар 7, мы лічым, што справядліва было дазволіць аграсядзібам арганізоўваць мерапрыемствы", - растлумачыў ён.

Прадстаўнік Мінэканомікі падкрэсліў, што аграэкатурызм у Беларусі дэманструе небывалыя тэмпы росту. "За 10 гадоў мы атрымалі рост з 83 суб'ектаў да больш як 2 тыс. Калі гаварыць аб укладзе гэтага сектара ў такія класічныя паказчыкі, як стварэнне рабочых месц, аб укладзе ў ВУП, у экспарт, то ён не такі вялікі. Але ў адрозненне ад звычайнага бізнесу ён накіроўвае патокі капіталу ў сельскую мясцовасць. І па меры таго як такі бізнес развіваецца, мы атрымліваем не толькі эфект эканамічнага росту, але і эфект устойлівага і гарманічнага развіцця рэгіёна", - канстатаваў ён.

IX Міжнародная канферэнцыя па аграэкатурызме - буйнейшая дзелавая падзея ў Беларусі, прысвечаная развіццю аграэкатурызму і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў рэгіёнах і сельскай мясцовасці. Сярод арганізатараў мерапрыемства - Белаграпрамбанк, Міністэрства спорту і турызму, БГА "Адпачынак у вёсцы". У час канферэнцыі абмяркоўваюцца перспектывы развіцця агратурызму ў Беларусі і формы падтрымкі суб'ектаў аграэкатурызму, садзейнічанне развіццю малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, эфектыўныя формы ўдзелу моладзі ў аграэкатурызме.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Фота з архіва "Белнафтахім" пацвердзіў падпісанне з РФ нафтавага балансу з РФ на 2020 год у аб'ёме 24 млн т
09:13
Мінтранс: дазволы на перавозкі размяркоўвалі з улікам эфектыўнасці, Польшчы прапаноўвалі бездазвольную сістэму
Учора 18:07
ДМК і China Merchants Group будуць супрацоўнічаць у сферы рэгулявання дзейнасці "Вялікага каменя"
Учора 17:10
Аляксандр Шумілін. Фота з архіва Беларусь вывучае міжнародны вопыт развіцця і стымулявання інавацыйнага бізнесу
Учора 15:33
Беларусь і Польшча могуць атрымаць больш выгады ад свайго суседства - Калтовіч
Учора 14:00
Механізм электроннага абарачэння гарантый паміж банкамі і мытнымі органамі ўкарэняць у Беларусі
Учора 12:10
Фота з архіва У лістападзе падаражэлі перац і грэчка, патаннелі - капуста і ікра
Учора 10:38
Беларусь і Егіпет маюць намер паглыбіць прамысловую кааперацыю
Учора 10:18
Сусветны банк падрыхтуе прапановы па стварэнні кластараў у сферы АПК Беларусі
Учора 10:11
Поўная версія