Поўная версія

Праект бюджэту на 2020 год паступіў у парламент Беларусі

Эканоміка 04.11.2019 | 10:45
Фота з архіва
Фота з архіва

4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект рэспубліканскага бюджэту на 2020 год паступіў у парламент. Такая інфармацыя размешчана на сайце Палаты прадстаўнікоў, паведамляе БЕЛТА.

У Палату прадстаўнікоў таксама паступіў законапраект аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на 2020 год. Абодва законапраекты рыхтуюцца да першага чытання.

Як паведамлялася, на зарплаты ў бюджэтным сектары ў 2020 годзе плануецца дадаткова накіраваць каля Br1,8 млрд. Аб'ём сродкаў у суме каля Br15 млрд па базавым сцэнарыі развіцця эканомікі дасць магчымасць забяспечыць суадносіны зарплаты бюджэтнікаў і зарплаты па эканоміцы ў цэлым на ўзроўні 80 працэнтаў, выканаць узгодненыя ўрадам графікі павышэння заработнай платы педагагічных і медыцынскіх работнікаў.

Усяго ў структуры кансалідаванага бюджэту расходы на аплату працы складуць больш за трэць ад агульнага аб'ёму (з улікам адлічэнняў на сацыяльнае страхаванне).

Акрамя таго, дадатковыя сродкі спатрэбяцца для падтрымкі пенсійных выплат не ніжэй за 40 працэнтаў ад сярэдняй заработнай платы. Грошы плануецца цалкам прадугледзець у расходнай частцы бюджэту.

У цэлым у 2020 годзе ў ФСАН у выглядзе субвенцый плануецца накіраваць каля Br2 млрд.

У праекце бюджэту прадугледжаны таксама сродкі на прадаўжэнне фінансавання сямейнага капіталу на сярэднетэрміновы перыяд (каля Br350 млн), на аказанне аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і іншым катэгорыям грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, у сувязі са святкаваннем 75-годдзя Перамогі (Br18 млн, падтрымку атрымаюць амаль 22 тыс. чалавек). Расходы на сацыяльную сферу павялічацца не менш як на 11 працэнтаў.

Прадугледжаны і пэўныя навацыі ў жыллёвым будаўніцтве. У прыватнасці, у рэспубліканскім бюджэце будзе істотна (у 3,5 раза) павялічаны аб'ём мэтавых субвенцый на будаўніцтва аб'ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў жылой забудове. Будаўніцтва энергетычнай інфраструктуры будзе ажыццяўляцца на прынцыпах раўнадольнага ўдзелу (50 працэнтаў - рэспубліканскі бюджэт, 50 працэнтаў - уласныя сродкі арганізацый Мінэнерга). Практычна ўдвая (да Br222 млн) павялічацца выплаты адрасных субсідый грамадзянам па крэдытах, выдадзеных па ўказе нумар 240.

Што датычыцца міжбюджэтных адносін, то бюджэтная палітыка арыентавана на стварэнне ў рэгіёнах роўных умоў для жыцця. Абласцям будзе аказана істотная падтрымка: амаль на трэць (да Br5,3 млрд) узрасце памер сродкаў, якія перадаюцца ў мясцовыя бюджэты з рэспубліканскага.

Капітальныя расходы будуць абмежаваны. Фінансаванне дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы за кошт бюджэту мяркуецца захаваць у аб'ёмах бягучага года. Прапануецца больш актыўна задзейнічаць знешнія дзяржаўныя пазыкі.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія