Поўная версія

МПЗ у 2017 годзе прадоўжыць скарачэнне выязных праверак

Эканоміка 08.02.2017 | 14:20

8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства па падатках і зборах у 2017 годзе прадоўжыць скарачэнне выязных праверак і ўзмоцніць камеральны кантроль, паведаміў сёння журналістам міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка перад пачаткам пасяджэння падагульняючай калегіі з удзелам прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У гэтым годзе мы прадоўжым развіваць дыстанцыйныя сродкі кантролю. Гэта патрэбна, па-першае, каб не адцягваць увагу суб'ектаў гаспадарання на праверкі, па-другое, каб можна было своечасова папярэдзіць іх, калі ёсць тыя ці іншыя адхіленні. Тэндэнцыя апошніх гадоў сведчыць аб скарачэнні выязных праверак, у гэтым дапамагаюць якраз электронныя сродкі кантролю", - падкрэсліў міністр і растлумачыў, што ведамства ўзмоцніць камеральны кантроль.

Сяргей Налівайка заявіў, што галоўнае пры камеральным кантролі - не праверыць, не пакараць, а своечасова падказаць плацельшчыку, дзе ў яго ёсць праблемы. "Таму тут важна разуменне паміж бізнесам, грамадзянамі і падатковымі органамі. Пры гэтым добрасумленным плацельшчыкам не трэба баяцца новаўвядзенняў, яны працуюць ім толькі ў плюс", - канстатаваў ён.

У 2016 годзе праведзена амаль 60 тыс. праверак плацельшчыкаў, у тым ліку каля 37 тыс. праверак суб'ектаў прадпрымальніцтва і 21,5 тыс. праверак фізічных асоб. Пры гэтым колькасць планавых і пазапланавых праверак суб'ектаў прадпрымальніцтва скарацілася ў параўнанні з 2015 годам на 10,9 працэнта, а колькасць камеральных праверак павялічылася на 38,7 працэнта. Па выніках праверак суб'ектам гаспадарання і фізічным асобам прад'яўлена да выплаты Br167,4 млн.

Падатковымі органамі ў 2016 годзе, паводле папярэдніх даных, забяспечана паступленне 72 працэнтаў даходаў кансалідаванага бюджэту краіны.

Выкананне планавых назначэнняў кансалідаванага бюджэту забяспечана на 100,5 працэнта, у тым ліку рэспубліканскага бюджэту - на 100,4 працэнта, мясцовых бюджэтаў - на 100,6 працэнта. Звыш планавых назначэнняў у кансалідаваны бюджэт мабілізавана Br100,8 млн. Асноўны аб'ём даходаў кансалідаванага бюджэту сфарміраваны за кошт паступленняў ад арганізацый - 94,2 працэнта.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія