Поўная версія

Міжнародная выстаўка-кірмаш "Прадэкспа" збярэ ў Мінску больш за 150 вытворцаў

Эканоміка 05.11.2019 | 15:21
Фота з архіва
Фота з архіва

5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XXV Міжнародная спецыялізаваная аптовая выстаўка-кірмаш "Прадэкспа-2019" пройдзе ў Мінску 12-15 лістапада, мерапрыемства збярэ больш за 150 вытворцаў з Беларусі і замежных краін. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік дырэктара па інжынерна-тэхнічным забеспячэнні РУП "Выставачны цэнтр "БелЭкспа" Яўген Брыгадны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Выстаўка "Прадэкспа" - буйнейшая спецыялізаваная выстаўка прадуктаў харчавання ў Беларусі. За гэтыя гады яна зарэкамендавала сябе як эфектыўная пляцоўка для правядзення перагавораў, прэзентацыі новых тавараў. У цэлым на выстаўцы будзе больш за 150 вытворцаў з розных краін. Даволі вялікая экспазіцыя прыедзе з Польшчы - больш за 10 прадпрыемстваў. Шмат будзе прадстаўнікоў з Расіі", - расказаў Яўген Брыгадны.

Прымуць удзел і вядучыя беларускія вытворцы. Паводле слоў галоўнага спецыяліста аддзела каардынацыі пастаўкі тавараў канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Святланы Барадзіной, толькі ад канцэрна будзе выстаўлена 8 стэндаў, дзе будзе прадстаўлена алкагольная, кандытарская, цукровая, салявая і іншая прадукцыя. "Пакажам тавары, якія ўсе ведаюць, але прадэманструем і навінкі. Холдынг "Мінск Крышталь Груп" пакажа свой кальвадос, "Камунарка" - 17 новых відаў шакаладу. Прымуць удзел "Спартак", "Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат" і іншыя", - дадала яна.

У гэтым годзе будзе арганізаваны самы маштабны за ўвесь час выстаўкі дзелавы форум "Харчовая прамысловасць Беларусі ва ўмовах паглыблення інтэграцыйных працэсаў". Мэта - аб'яднаць перадавы вопыт айчынных вытворцаў харчовай прадукцыі і ўпакоўкі. У фокусе форуму - інавацыйныя тэхналогіі, новыя рашэнні, дасягненні ў дзяржаўна-прыватным партнёрстве і ўкараненне сусветных трэндаў экалагічнай вытворчасці.

Запланавана гандлёва-закупачная сесія, адзначыў Яўген Брыгадны. У час мерапрыемства адбудуцца бліц-перагаворы паміж вытворцамі і закупшчыкамі. Зарэгістравана больш за 20 гандлёвых сетак і каля 80 прадстаўнікоў вытворцаў.

Яшчэ адна навінка выстаўкі - падзел на дзве часткі. "Першыя два дні (12-13 лістапада) будуць дзелавымі: уваход толькі па папярэдняй рэгістрацыі для юрыдычных асоб або па запрашэннях ад прадпрыемстваў. Наступныя два дні (14-15 лістапада) наведаць экспазіцыю змогуць усе жадаючыя па білетах", - удакладніў прадстаўнік "БелЭкспа".

Відовішчнай часткай мерапрыемства будзе міжнародны кулінарны кубак, які пройдзе з 12 па 14 лістапада. Конкурс прадугледжвае серыю майстар-класаў і практычных спаборніцтваў паміж спецыялістамі з Беларусі і краін блізкага і далёкага замежжа па розных тэмах. Будзе вызначаны "Кандытар года", "Шэф года" і "Повар года". Лепшым дастануцца прызы - брыльянтавыя каўпакі.

Арганізатарам выстаўкі выступае Нацыянальны выставачны цэнтр "Белэкспа" пры падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, канцэрна "Белдзяржхарчпрам".-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія