Поўная версія

Мінфін Беларусі: сітуацыя з няякаснай расійскай нафтай рызык для бюджэту не стварае

Эканоміка 20.06.2019 | 11:29
Фота з архіва
Фота з архіва

20 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сітуацыя з няякаснай расійскай нафтай рызык для бюджэту не стварае, заявіў сёння журналістам міністр фінансаў Максім Ермаловіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Калі разглядаць у цэлым выкананне даходнай часткі бюджэту, то сёння даходы фарміруюцца ў поўнай адпаведнасці з гадавым планам. І якога-небудзь адставання ў паступленні бюджэтных сродкаў няма, інакш кажучы рызык для бюджэту гэта сітуацыя, якая склалася ў нафтавым сектары, не стварае, - адзначыў Максім Ермаловіч. - Ёсць добрае разуменне таго, што ў цэлым за год мы выходзім на планавы аб'ём даходаў, можа, нават удасца сфарміраваць даходы з некаторым прыростам адносна плана".

Фактычна страты ад сітуацыі, што склалася з пастаўкамі няякаснай нафты, ацэняць па выніках работы нафтавага сектара за год у залежнасці ад таго, будуць адноўлены аб'ёмы перапрацоўкі ці не.

"У нас ёсць выразнае разуменне таго, што тэхналагічна гэтыя аб'ёмы могуць быць адноўлены ў поўнай адпаведнасці з першапачатковым планам. Гэта азначае, што страт даходаў у цэлым па выніках года не будзе", - дадаў міністр.

Як паведамлялася, "Белнафтахім" 19 красавіка заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці расійскай нафты Urals, якая паступала па трубаправодзе "Дружба". Колькасць хлорарганічных злучэнняў у саставе нафты перасягала ў дзясяткі разоў гранічныя значэнні па стандарце. Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы - Мазырскі НПЗ і ААТ "Нафтан" - вымушаны былі знізіць загрузку магутнасцей і панеслі страты.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія