ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 24 мая 2022
Мінск Ясна +18°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 студзеня 2022, 15:11

МАЗ знізіў вытворчы траўматызм на 45 працэнтаў

20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі аўтамабільны завод знізіў вытворчы траўматызм на 45 працэнтаў. Абследаванне цэхаў завода правяла рабочая мабільная група па пытаннях аховы працы пры Мінгарвыканкаме, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт Мінпрама.

У рэйдзе таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі тэхнічнай інспекцыі працы Мінскага гарадскога аб'яднання арганізацый прафсаюзаў.

Намеснік тэхнічнага дырэктара па ахове працы, прамысловай бяспецы і экалогіі ААТ "МАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "Белаўтамаз" Аляксандр Казлоўскі расказаў удзельнікам абследавання, што работа ў галіне аховы працы флагманам беларускага машынабудавання вядзецца пастаянна, яна ўдасканальваецца. "Дасягнута зніжэнне вытворчага траўматызму на 45 працэнтаў. У 2021 годзе ў нас адбылося дзевяць няшчасных выпадкаў на вытворчасці, з іх адзін цяжкі. Па выніках расследаванняў толькі ў адным выпадку ўстаноўлена віна службовых асоб. Да дысцыплінарнай адказнасці за незабеспячэнне бяспечных умоў працы былі прыцягнуты чацвёра - ад майстра да начальніка цэха. Ва ўсіх астатніх выпадках была ўстаноўлена асабістая віна работнікаў - праславуты чалавечы фактар. Дарэчы, усяго цэхаў на заводзе 96, яго плошча - 174 га. Працуюць у нас цяпер 15 тыс. чалавек", - праінфармаваў Аляксандр Казлоўскі.

Мабільнай групе паказалі менавіта тыя цэхі, у якіх адбыліся няшчасныя выпадкі. У прыватнасці, на аўтобусным заводзе МАЗа - цэх зваркі і зборкі аўтобусаў. Тут у сакавіку мінулага года слесар-электрамантажнік пры ўстаноўцы табло быў настолькі неасцярожны, што ўдарыўся галавой аб поручань. Траўму тады атрымаў нязначную. А зусім нядаўна, у снежні, пацярпеў рабочы цэха пярэдняй падвескі тэрмамеханічнага завода. Менавіта тады была ўстаноўлена віна службовых асоб.

Як адзначылі ў Мінпраме, у кожным з цэхаў члены рабочай мабільнай групы знаходзілі невялікія парушэнні і адразу ж указвалі на іх супрацоўнікам аўтазавода. Напрыклад, пры наведванні абразіўнай майстэрні начальнік аддзела аховы працы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Наталля Несцяровіч заўважыла: цяжкія абразіўныя кругі не павінны складзіравацца каля сцяны або побач з працоўным месцам майстра.

"Вам ёсць над чым працаваць. МАЗ - ён як дзяржава ў дзяржаве. Цэхаў і людзей у вас шмат. Прыкметна, што мэтанакіраваная работа па ахове працы вядзецца, але кантраляваць гэты працэс неабходна пастаянна. Звярніце сур'ёзную ўвагу на забяспечанасць сродкамі індывідуальнай абароны, складзіраванне запчастак і вырабаў, захоўванне гаруча-змазачных матэрыялаў. Важна арганізаваць належныя тэхналагічныя ўмовы. Па выніках наведвання будуць дадзены рэкамендацыі і ўстаноўлены тэрміны для ўстаранення недахопаў", - падвяла вынік рэйду Наталля Несцяровіч.

Кіраўніцтва прадпрыемства запэўніла членаў рабочай групы, што ўсе заўвагі будуць улічаны, а недахопы ліквідаваны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі