Поўная версія

МАРГ прапануе абмеркаваць папраўкі ў закон аб гандлі

Эканоміка 29.07.2019 | 14:24
Фота з архіва
Фота з архіва

29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прапануе абмеркаваць праект змяненняў у закон "Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь". Грамадскае абмеркаванне праходзіць на Прававым форуме Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Унясенне змяненняў у закон аб гандлі абумоўлена практыкай яго прымянення, а таксама неабходнасцю спрашчэння патрабаванняў да вядзення бізнесу ў сферах гандлю і грамадскага харчавання. У ліку гэтых спрашчэнняў - пераход на паведамляльны прынцып пачатку ажыццяўлення дзейнасці незалежна ад уключэння звестак у рэестры, рэгістры; самастойнае вызначэнне рэжыму работы гандлёвых аб'ектаў і аб'ектаў грамадскага харчавання, гандлёвых цэнтраў, рынкаў, а таксама без (па-за) гандлёвых аб'ектаў (за выключэннем рэжыму работы пасля 23.00 і да 7.00); стварэнне стацыянарных гандлёвых аб'ектаў і аб'ектаў грамадскага харчавання, гандлёвых цэнтраў незалежна ад іх наяўнасці на схемах размяшчэння. Таксама сярод неабходных змяненняў - стварэнне аб'ектаў грамадскага харчавання без падзелу на тыпы і класы, адмова ад асартыментных пералікаў прадукцыі грамадскага харчавання; адмова ад прадстаўлення суб'ектамі гандлю звестак аб рознічным і аптовым тавараабароце для ўключэння ў Гандлёвы рэестр; арганізацыя і правядзенне кірмашоў па ўзгадненні з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі (за выключэннем аблвыканкамаў) па месцы іх правядзення. Таксама прадугледжваецца самастойны разлік гандлёвымі сеткамі і вялікімі магазінамі іх долі ў аб'ёме рознічнага тавараабароту харчовых тавараў у межах вобласці, Мінска, гарадоў абласнога падпарадкавання, раёнаў за папярэдні фінансавы год.

Дадаткова ўводзяцца новыя тэрміны: адміністрацыя рынку, адміністрацыя гандлёвага цэнтра, кейтэрынг, летняя пляцоўка (прадаўжэнне залы), перасовачны гандлёвы аб'ект, перасовачны аб'ект грамадскага харчавання, харчовыя тавары, фірменны магазін і інш. Тэрмін "кейтэрынг" уведзены ў сувязі з тым, што цяпер такі спосаб грамадскага харчавання атрымлівае ўсё большае распаўсюджанне. Яго сутнасць у тым, што суб'ект грамадскага харчавання вырабляе прадукцыю пад заказ і дастаўляе заказчыку. Пры гэтым, напрыклад, можна заказаць для правядзення вяселля не толькі дастаўку прыгатаванай прадукцыі, але і абслугоўванне гасцей, а можна заказаць такую прадукцыю ў офіс, але без абслугоўвання работнікамі грамадскага харчавання.

Прадугледжаны змяненні ў пытаннях размяшчэння нестацыянарных гандлёвых аб'ектаў і аб'ектаў грамадскага харчавання. Выканкамы звярнуліся ў МАРГ з прапановай пашырыць гэты артыкул закона за кошт вызначэння паўнамоцтваў адпаведных дзяржорганаў на распрацоўку і зацвярджэнне адзінага парадку распрацоўкі пераліку месцаў іх размяшчэння, а таксама адзінага парадку іх прадастаўлення, з абавязковым вылучэннем патрабаванняў да маршрутаў руху аўтамагазінаў і перасовачных аб'ектаў грамадскага харчавання (фудтракаў). У сувязі з гэтым прапануецца прадаставіць Савету Міністраў паўнамоцтвы вызначыць парадак распрацоўкі пераліку месцаў размяшчэння нестацыянарных і перасовачных гандлёвых аб'ектаў і аб'ектаў грамадскага харчавання, месцаў ажыццяўлення разноснага гандлю без выкарыстання прыстасаванняў для яго.

У сувязі з неабходнасцю істотнага змянення норм закон аб гандлі будзе выкладзены ў новай рэдакцыі. Свае заўвагі і прапановы можна выказаць у спецыяльнай тэме на Прававым форуме Беларусі з 29 ліпеня па 8 жніўня.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія