Поўная версія

Мадэль электроннай пляцоўкі закупак малога аб'ёму прэзентуе Нацыянальны цэнтр маркетынгу

Эканоміка 19.03.2019 | 19:52

19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны цэнтр маркетынгу МЗС Беларусі прадставіць бізнес-супольнасці мадэль электроннай пляцоўкі закупак малога аб'ёму на форуме "Развіццё прадпрымальніцтва ў Беларусі. Стратэгія і тактыка", які пройдзе 20 сакавіка ў час IV Тыдня беларускага прадпрымальніцтва. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Нацыянальным цэнтры маркетынгу.

На электронным партале закупак малога аб'ёму будуць праходзіць закупкі тавараў аб'ёмам ад 50 да 300 базавых велічынь, а таксама закупкі па выніках прызнаных неправедзенымі канкурэнтных працэдур. Адкрыты электронны фармат забяспечыць празрыстасць працэдуры закупкі з адной крыніцы як для суб'ектаў, так і для праваахоўных і кантралюючых органаў. Рашэнне аб стварэнні гэтага партала прынята ў сувязі з патрабаваннямі новай рэдакцыі закона аб дзяржаўных закупках аб поўнай электранізацыі закупачнага працэсу.

Чакаецца, што новая электронная пляцоўка павысіць узровень канкурэнцыі, у тым ліку дзякуючы ўдзелу суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, забяспечыць эканомію і больш эфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў. Такая адкрытасць і прастата ўдзелу ў закупках малога аб'ёму дасць магчымасць многім прадпрымальнікам знайсці новыя рынкі збыту.

Нацыянальны цэнтр маркетынгу з'яўляецца распрацоўшчыкам і аператарам адзінай дзяржаўнай інфармацыйна-аналітычнай сістэмы кіравання закупкамі, якая пачне функцыянаваць з ліпеня бягучага года.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу Валерый Садоха адзначае, што каля 60 працэнтаў дзяржаўных закупак - гэта закупкі з адной крыніцы. "Гэта працэдура да апошняга часу заставалася найбольш закрытай. Але цяпер прынята рашэнне аб яе пераводзе ў адкрыты фармат, рыхтуецца нарматыўная база, а таксама электронная пляцоўка. Мы лічым, што з'яўленне новага модуля дасць магчымасць многім малым прадпрыемствам адкрыць для сябе рынак дзяржаўных закупак як у рэгіёнах, так і па ўсёй рэспубліцы", - сказаў ён.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія