Поўная версія

Канюк: невялікае скарачэнне дэбіторскай запазычанасці адбылося, але агульная сума застаецца значнай

Эканоміка 26.09.2017 | 13:35
Аляксандр Канюк. Фота пасольства Беларусі ў Расіі
Аляксандр Канюк. Фота пасольства Беларусі ў Расіі

26 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Невялікае скарачэнне знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці перад беларускімі суб'ектамі гаспадарання адбылося, але яе агульная сума застаецца значнай. На гэты факт звярнуў увагу генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк, размаўляючы сёння з журналістамі перад нарадай у пасольстве Беларусі ў Расіі з кіраўнікамі суб'ектаў тавараправоднай сеткі беларускіх прадпрыемстваў у РФ па праблеме дэбіторскай запазычанасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Невялікае змяненне станоўчае адбылося, - канстатаваў Аляксандр Канюк. - Але я не стаў бы з гэтага нейкія высновы рабіць, гэта бягучы працэс. Уся праблема ў тым, што сума значная".

Паводле слоў генпракурора, агульны памер знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці дасягае $0,5 млрд, з якіх амаль палавіна прыпадае на расійскіх контрагентаў. "І гэта пры тым, што ўрад, Прэзідэнт, міністры шукаюць грошы, дзесьці нейкія крэдыты бяром, а тут рэальныя жывыя грошы, - адзначыў Аляксандр Канюк. - Таму зразумелы той інтарэс, які да гэтага пытання праяўляе Прэзідэнт".

Гаворачы аб ходзе вяртання дэбіторскай запазычанасці, генпракурор заявіў, што гэты працэс пакуль не ўсяляе аптымізму. "Я лічу, што некаторыя структуры, якія створаны ў тым ліку ў так званай тавараправоднай сетцы, не толькі не выконваюць сваіх задач, яны не патрэбны, - сказаў ён. - Ну як растлумачыць, што некаторыя структуры мясамалпрама не толькі не даюць прыбытку, а працуюць на страту? У мяне як у пракурора адразу ўзнікаюць нядобрыя думкі".

Аляксандр Канюк нагадаў, што тыдзень таму адбылася аператыўная нарада ў Генеральнай пракуратуры, на якой разглядалася сітуацыя з дэбіторскай запазычанасцю, што склалася ў Беларусі. "Цяпер настаў час удакладніць сітуацыю ў Расіі. І на падставе гэтых дзвюх нарад мы прааналізуем інфармацыю, і ў мяне будзе асабісты даклад Прэзідэнту наконт гэтага", - паведаміў генпракурор.

У нарадзе ў Маскве разам з генеральным пракурорам прымае ўдзел віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка. Яны заслухоўваюць справаздачы кіраўнікоў суб'ектаў тавараправоднай сеткі беларускіх прадпрыемстваў аб выкананні даручэнняў, дадзеных на аналагічнай нарадзе 27 красавіка, а таксама аб прымаемых мерах па рэальным скарачэнні пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці расійскіх контрагентаў за пастаўленую ў Расію прадукцыю і вяртанні валютнай выручкі ў Беларусь. У нарадзе ўдзельнічаюць кіраўнікі размешчаных на тэрыторыі Расіі суб'ектаў тавараправоднай сеткі (з беларускім капіталам) беларускіх арганізацый-экспарцёраў (гандлёвыя дамы, афіцыйныя дыстрыб'ютары, прадстаўніцтвы, буйныя дылеры), падведамных Мінпраму, канцэрнам "Белнафтахім" і "Беллегпрам", а таксама прадпрыемстваў харчовай прамысловасці Мінскай вобласці.

Згодна з матэрыяламі да нарады, па стане на 1 жніўня дэбіторская запазычанасць расійскіх контрагентаў арганізацыям Беларусі склала $1 млрд 783,3 млн, пратэрмінаваная - $210,4 млн. За ліпень дэбіторская запазычанасць расійскіх партнёраў скарацілася на 3,4 працэнта, пратэрмінаваная запазычанасць знізілася на 4 працэнты.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія