Поўная версія

Каля 94 працэнтаў жыхароў Беларусі маюць магчымасць збіраць смецце раздзельна

Эканоміка 09.10.2019 | 09:38

9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля 94 працэнтаў жыхароў Беларусі маюць цяпер магчымасць збіраць смецце раздзельна, у 2010 годзе такія ўмовы былі створаны для 62 працэнтаў насельніцтва. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і СМІ Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Аксціловіч.

"Паказчык за гэтыя гады вырас практычна ў 1,5 раза. Магчымасць збіраць адходы раздзельна ёсць у 8,9 млн чалавек - 94 працэнты насельніцтва краіны. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя версіі кантэйнераў, у тым ліку заглыбленыя", - адзначыў Генадзь Аксціловіч.

Найбольш шырокае распаўсюджванне ў рэспубліцы атрымала сістэма ўстаноўкі трох рознакаляровых бакаў (зялёнага - для адходаў паперы, сіняга - для шкла і жоўтага - для адходаў пластмас). За апошнія восем гадоў колькасць кантэйнераў для раздзельнага збору павялічылася прыкладна ў 2,2 раза (з 39,1 тыс. да 84,7 тыс.), смеццявозаў, якія іх абслугоўваюць, - са 102 да 425.

Штогод у Беларусі ўтвараецца каля 3,8 млн т цвёрдых камунальных адходаў. У 2017 годзе ўрад прыняў Нацыянальную стратэгію па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі да 2035 года. Прадугледжваецца, што да гэтага часу ў рэспубліцы будзе выкарыстоўвацца не менш як палова камунальных адходаў (цяпер каля 20 працэнтаў).

Паступова павялічваюцца аб'ёмы збору другасных рэсурсаў. Так, у 2018 годзе паказчык вырас у 2,1 раза - з 338,7 тыс. т да 714,3 тыс. т - у параўнанні з 2010 -м. Цяпер на аднаго гарадскога жыхара прыпадае 96,4 кг другаснай сыравіны. Калі гаварыць аб адходах шкла, то іх сталі збіраць у 3,9 раза больш.

На перапрацоўку накіроўваюцца папера, кардон, шклабой, палімеры, зношаныя шыны, электрычнае электроннае абсталяванне, адпрацаванае масла. За апошнія шэсць гадоў створана 40 ліній сартавання камунальных адходаў. Уведзены ў эксплуатацыю смеццесартавальныя заводы ў Гродне і Мінску, у мінулым годзе пачата будаўніцтва такога прадпрыемства ў Віцебску.

З выкарыстаннем сродкаў "Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў" арганізавана перапрацоўка забруджаных палімераў на прадпрыемствах "Белдругаспалімер" (Гродна), "Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў". Запушчана лінія па перапрацоўцы забруджанай пэт-бутэлькі на "Біямехзаводзе бытавых другасрэсурсаў" у Наваполацку. На Брэсцкім смеццеперапрацоўчым заводзе ўстаноўлена лінія па сартаванні адходаў пластмас.

На прадпрыемстве "Гомельхімгандаль" арганізавана вытворчасць па перапрацоўцы зношаных шын. Створана адзіная ў рэспубліцы вытворчасць па перапрацоўцы элементаў сілкавання, мадэрнізавана лінія па перапрацоўцы макулатуры на кардонна-папяровым заводзе ў Слоніме, аналагічны праект рэалізуецца на папяровай фабрыцы "Спартак". У ліку інвестыцыйных прапаноў, якія цяпер разглядаюцца, - праект па выкарыстанні RDF-паліва на прадпрыемстве "Краснасельскбудматэрыялы".-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія