ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Нядзеля, 12 ліпеня 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +13°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 чэрвеня 2019, 17:26

Каля $65 млн зарабіла Беларусь на продажы інтэлектуальнай уласнасці ў 2018 годзе

4 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь у 2018 годзе на продажы інтэлектуальнай уласнасці зарабіла $65 млн. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін сёння перад адкрыццём рэгіянальнага семінара "Актуальныя аспекты выкарыстання правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь - высокатэхналагічная краіна, але пакуль на інтэлектуальнай уласнасці як на асобным прадукце мы зарабляем, на мой погляд, не вельмі шмат. Хоць лічбы даволі ўражваюць: за мінулы год на продажы інтэлектуальнай уласнасці, на патэнтах, ліцэнзійных і іншых дагаворах зарабілі каля $65 млн. У пачатку пяцігодкі гэта лічба была $15-20 млн, гэта значыць за 4 гады мы практычна патроілі лічбу", - сказаў Аляксандр Шумілін.

У цэлым за апошнія 3 гады ў Беларусі ў рамках дзяржаўных, галіновых і рэгіянальных навукова-тэхнічных праграм распрацавана і даведзена да стадыі практычнага прымянення больш за 2 тыс. новаўвядзенняў. У іх ліку 158 відаў машын, абсталявання, прыбораў і інструментаў, 25 відаў матэрыялаў і рэчываў, 132 тэхналагічныя працэсы, 63 сарты раслін, 12 парод жывёл, 23 лекавыя сродкі. "У 2018 годзе мы паставілі на экспарт высокатэхналагічнай навукаёмістай прадукцыі на суму амаль $14 млрд на рынкі 149 дзяржаў. У ліку самых вядомых распрацовак - велікагрузны самазвал БелАЗ грузападымальнасцю 450 т, занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы вялікі аўтамабіль у свеце; атамна-сілавы мікраскоп, які дае магчымасць праводзіць вымярэнні мікрамеханічных уласцівасцей матэрыялаў і мікраарганізмаў на нанаўзроўні; проціпухлінныя сродкі па ўласных унікальных формулах", - адзначыў старшыня камітэта.

У той жа час, падкрэсліў ён, патэнцыял краіны на парадак вышэйшы за тыя паказчыкі, якіх удалося дасягнуць. Аб гэтым сведчыць тое, што менавіта ў Беларусі зарадзіліся такія новыя і вядомыя кампаніі, як Viber, MSQRD, што куплены Facebook, і, вядома, танкавы шутар World of Tanks - глабальная гульня з больш як 120 млн ігракоў па ўсім свеце. Акрамя таго, сёння ў Беларусі працуе каля 420 навукова-даследчых арганізацый і 51 вышэйшая навучальная ўстанова, у якіх навучаецца больш за 280 тыс. чалавек з 90 краін свету.

Рэгіянальны семінар па актуальных аспектах выкарыстання правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці праходзіць у Мінску 4-5 чэрвеня ў рамках візіту ў Беларусь генеральнага дырэктара Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (САІУ) Фрэнсіса Гары. Мэта - прыцягнуць увагу грамадскасці і павысіць узровень яе дасведчанасці па актуальных пытаннях у сферы інтэлектуальнай уласнасці. Мерапрыемства арганізуецца Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях, ДУ "Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці" сумесна з Сакратарыятам САІУ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі