Поўная версія

Калаур пра беларускі рубель: атрымалі рэзультат, да якога імкнуліся

Эканоміка 21.10.2019 | 09:37
Павел Калаур
Павел Калаур

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Устойлівасць нацыянальнай валюты адзначыў у размове з журналістамі старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур. 19 кастрычніка, у дзень 25-годдзя беларускага рубля, у Нацбанку пачала работу абноўленая экспазіцыя музея грошай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларускі рубель перажыў розныя этапы, няпростыя часы. Безумоўна, тое, што мы маем цяпер - гэта найбольш устойлівы стан беларускага рубля. Мы атрымалі той рэзультат, да якога імкнуліся, маем запланаваную інфляцыю - менавіта праз гэты паказчык вызначаецца пакупная здольнасць нацыянальнай валюты", - сказаў Павел Калаур.

Старшыня праўлення Нацбанка адзначыў, што ўстойлівасць нацыянальнай валюты залежыць у цэлым ад макраэканамічнай палітыкі, грашова-крэдытная палітыка - хоць і важная, але ўсё ж частка агульнай эканамічнай палітыкі.

"Мы заявілі і займаем апошнія паўтара-два гады пазіцыю, што грашова-крэдытная палітыка будзе мець нейтральны характар. Гэта значыць, мы арыентуемся на імператыў, што цэнавая, фінансавая і ў цэлым макраэканамічная стабільнасць - гэта фундамент для ўстойлівага доўгатэрміновага і інклюзіўнага эканамічнага росту. Не маючы гэтага фундаменту, забяспечыць мэту - а ў аснову пакладзены менавіта дабрабыт грамадзян - вельмі складана", - звярнуў увагу Павел Калаур.

На яго думку, без сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій забяспечыць доўгатэрміновы ўстойлівы інклюзіўны рост вельмі складана. "Мы павінны ствараць макраэканамічныя ўмовы, каб у цэлым у краіне павышалася сукупная фактарная прадукцыйнасць, гэта вельмі важны момант. Калі мы гаворым пра лічбавую эканоміку, павінны разумець: гэта таксама дадатковыя фактары вытворчасці, якія фарміруюць сукупную фактарную прадукцыйнасць", - дадаў кіраўнік Нацбанка.

Для адкрыцця абноўленай экспазіцыі музея грошай спецыяльна была выбрана дата 19 кастрычніка 2019 года - дзень 25-годдзя з моманту заканадаўчага замацавання беларускага рубля ў якасці адзінага законнага плацежнага сродку Беларусі.

Першымі наведвальнікамі экспазіцыі сталі навучэнцы 5 "А" класа сярэдняй школы нумар 9 Пінска, якія сярод іншых беларускіх школьнікаў адгукнуліся на прапанову Нацыянальнага банка запісаць відэавіншаванне да 25-годдзя беларускага рубля. Менавіта іх ролік быў самым творчым і крэатыўным.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія