Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
01 сакавіка 2024, 19:42

Дыспетчары энергасістэм Беларусі і Расіі гатовы дзейнічаць разам у складаных аварыйных сітуацыях
 

1 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дыспетчары энергасістэм Расіі і Беларусі гатовы дзейнічаць разам у складаных аварыйных сітуацыях. Гатоўнасць пацверджана на міжнароднай міжсістэмнай проціаварыйнай трэніроўцы дыспетчараў Галоўнага дыспетчарскага цэнтра Адзінай энергетычнай сістэмы Расіі, філіяла Сістэмнага аператара АДУ Цэнтра і ДВА "Белэнерга" ў Маскве, паведамілі БЕЛТА ў беларускім аб'яднанні.

На мерапрыемстве адпрацоўваліся сумесныя дзеянні дыспетчарскага персаналу пры прадухіленні развіцця і ліквідацыі парушэнняў нармальнага рэжыму работы энергасістэм Расіі і Беларусі. Гэтыя энергасістэмы працуюць паралельна і маюць электрычныя сувязі па міждзяржаўных лініях электраперадачы 330-750 кВ. Энергасістэмы працуюць з адзінай частатой. Рэгуляванне частаты ў сінхроннай зоне ажыццяўляецца галоўным дыспетчарскім цэнтрам АТ "СА АЭС".

Трэніроўка праводзілася на лічбавым рэжымным трэнажоры дыспетчара "Філін", які выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі і рэгулярнага павышэння кваліфікацыі дыспетчарскага персаналу сістэмнага аператара. Гэты праграмна-апаратны комплекс дае магчымасць у рэальным часе на аснове матэматычнай мадэлі энергасістэмы ствараць любыя схемна-рэжымныя сітуацыі як на аб'екце электраэнергетыкі, так і ў энергасістэме, у тым ліку ў аварыйных сітуацыях з улікам дзеянняў дыспетчараў. Таксама была задзейнічана сістэма сувязі АТ "СА АЭС" для правядзення аператыўных перагавораў. Прымяненне сучасных тэхнічных сродкаў дазволіла максімальна наблізіць працэс ліквідацыі ўмоўнай аварыі да дзеянняў дыспетчараў у рэальнай няштатнай сітуацыі.

Сцэнарый трэніроўкі ўлічваў найбольш складаныя схемна-рэжымныя ўмовы, звязаныя са стратай значнага генерыруючага абсталявання ў энергасістэме Беларусі, аслабленнем знешніх электрычных сувязей з энергасістэмай Расіі, у выніку якіх узнікалі перагрузкі ў некалькіх кантралюемых сячэннях, у тым ліку ў адным міждзяржаўным, з пагрозай адключэння ліній электраперадачы і выдзяленнем энергасістэмы Беларусі на ізаляваную работу.

"Сцэнарый трэніроўкі прадугледжвае вельмі рэалістычныя аварыі, якія могуць чакаць дыспетчара ў яго паўсядзённай рабоце, але мы імкнёмся закладваць у яго больш складаныя парушэнні нармальнага рэжыму работы энергасістэм, накладаць адна на адну некалькі задач, прычым вырашаць іх трэба ў такі ж абмежаваны час, як і ў рэальных абставінах. Такія выпрабаванні вельмі важны, паколькі дапамагаюць дыспетчарам у далейшым у рэальнай рабоце і ўзаемадзеянні пры вырашэнні агульных задач", - сказаў начальнік Аператыўна-дыспетчарскай службы Сістэмнага аператара Яўген Валодзін.

Дыспетчары сістэмнага аператара і ДВА "Белэнерга" рэалізавалі комплекс мер па прадухіленні развіцця і ліквідацыі аварыі. У прыватнасці, былі аддадзены каманды на змяненне велічыні актыўнай магутнасці генерыруючага абсталявання для ўстаранення перагрузу кантралюемых сячэнняў і забяспечаны аператыўны ўвод у работу ліній электраперадачы, якія адключыліся.

Трэніроўка прайшла паспяхова. Кіраўнікі адзначылі высокі прафесіяналізм і зладжанасць дзеянняў дыспетчараў у складанай абстаноўцы. "Вельмі важна пастаянна сачыць за ўзроўнем узаемадзеяння, асабліва калі дыспетчары знаходзяцца ў розных дзяржавах. Тэхналагічна нашы энергасістэмы працуюць разам, але нарматыўныя патрабаванні маюць некаторыя адрозненні, і гэта не павінна негатыўна ўплываць на надзейнасць агульнай сінхроннай работы", - падкрэсліў важнасць такіх сумесных трэніровак намеснік генеральнага дырэктара па аператыўнай рабоце - галоўны дыспетчар ДВА "Белэнерга" Дзяніс Кавалёў.

Дыспетчарскі персанал, які ўдзельнічаў у трэніроўцы, пацвердзіў гатоўнасць да забеспячэння ўстойлівай і надзейнай работы аб'яднанай энергасістэмы Беларусі з адзінай энергасістэмай Расіі.-0-
 
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі