Поўная версія

Часовае пагадненне аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і Іранам уступіла ў сілу

Эканоміка 28.10.2019 | 16:21
Фота з архіва ЕЭК
Фота з архіва ЕЭК

28 кастрычніка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Часовае пагадненне, якое вядзе да ўтварэння зоны свабоднага гандлю паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Іранам, уступіла ў сілу з 27 кастрычніка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Еўразійскай эканамічнай камісіі.

"Дакумент прадугледжвае абмежаваны таварны ахоп, аднак уключае практычна ўсе асноўныя віды прадукцыі, на долю якіх прыпадае 55 працэнтаў сукупнага экспарту ЕАЭС - сельскагаспадарчыя і прамысловыя групы тавараў, - адзначылі ў ЕЭК. - Прэферэнцыйнае імпартнае пакрыццё складае 49 працэнтаў агульнага аб'ёму паставак Ірана ў ЕАЭС".

У пералік тавараў, па якіх экспарцёры краін ЕАЭС атрымаюць прэферэнцыі, уваходзяць мясная і алейна-тлушчавая прадукцыя, асобныя віды кандытарскіх вырабаў і шакаладу, а таксама металы, касметыка, асобныя віды электроннага і механічнага абсталявання. Іранскаму боку будуць прадастаўлены тарыфныя прэферэнцыі па разгорнутым спісе прадуктаў харчавання, у першую чаргу агародніне, фруктах, сухафруктах, а таксама будаўнічых матэрыялах, посудзе, дыванах, некаторых вырабах з каляровых металаў.

"Акрамя таго, што пагадненне дае магчымасць эканоміць на выплаце мытных пошлін, дакумент стварае дадатковыя стымулы для развіцця гандлёвых узаемаадносін праз забеспячэнне празрыстых і прадказальных умоў гандлю, заснаваных на правілах СГА, - падкрэслілі ў прэс-службе. - У прыватнасці, бакі пагаднення забяспечаць рэжым найбольшага спрыяння і нацыянальны рэжым адносна ўсіх тавараў; усе зборы, звязаныя з імпартам тавараў, не павінны перавышаць кошт аказаных за мытнае афармленне паслуг; не павінны прымяняцца неабгрунтаваныя нетарыфныя меры, якія абмяжоўваюць гандаль, адносна тавараў, што пералічаны ў пагадненні. Такія патрабаванні з'яўляюцца аднымі з важнейшых у праве СГА і забяспечваюць прадказальнасць рэжыму гандлю паміж краінамі".

Часовае пагадненне, якое вядзе да ўтварэння зоны свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і Іранам, было заключана 17 мая 2018 года. Пасля яно было ратыфікавана краінамі ЕАЭС і Іранам.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія