Поўная версія

"Белгазпрамбанк" атрымаў статус пацвярджаючага банка Глабальнай праграмы фінансавання гандлю МФК

Эканоміка 01.08.2012 | 18:18
1 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Белгазпрамбанк" далучылася да Глабальнай праграмы фінансавання гандлю (GTFP) Міжнароднай фінансавай карпарацыі (МФК) у якасці пацвярджаючага банка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе банка.

У якасці банка-эмітэнта Белгазпрамбанк далучыўся да Глабальнай праграмы фінансавання гандлю ў 2009 годзе. За тры гады супрацоўніцтва банк садзейнічаў рэалізацыі знешнеэканамічных праектаў сваіх кліентаў на агульную суму больш як $75 млн. У 2011 годзе МФК прызнала Белгазпрамбанк самым актыўным банкам-эмітэнтам у Еўропе і Цэнтральнай Азіі ў галіне фінансавання энергаэфектыўных праектаў у рамках Глабальнай праграмы фінансавання гандлю.

"Далучэнне да GTFP у новым статусе дасць магчымасць ААТ "Белгазпрамбанк" прапаноўваць банкам - удзельнікам GTFP свае паслугі па пацвярджэнню, дыскантаванню, постфінансаванню акрэдытываў пад гарантыю МФК, а таксама абслугоўваць іншыя інструменты гандлёвага фінансавання, эмітаваныя названымі банкамі на карысць прыватных прадпрыемстваў-экспарцёраў Беларусі", - адзначылі ў прэс-службе банка.

Гэтыя паслугі нацэлены, перш за ўсё, на замежныя банкі, якія працуюць з імпарцёрамі беларускай прадукцыі і паслуг у краіны АЭП, СНД, Балтыі, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама іншыя краіны - гандлёвыя партнёры Беларусі. Удзел у Глабальнай праграме фінансавання гандлю дасць магчымасць ААТ "Белгазпрамбанк" пашырыць кола контрагентаў у мэтавых рэгіёнах, павялічыць тэрміны і аб'ёмы абслугоўваемых здзелак.

З моманту запуску Глабальнай праграмы гандлёвага фінансавання ў 2005 годзе МФК, якая ўваходзіць у групу Сусветнага банка, прадаставіла больш за 12 тыс. гарантый больш чым на $19 млрд. Міжнародная фінансавая карпарацыя прадастаўляе частковыя або поўныя гарантыі пад гандлёвыя аперацыі і пакрывае рызыкі неатрымання плацяжоў для больш чым 250 банкаў-эмітэнтаў у 90 краінах свету. У 2012 фінансавым годзе МФК прадаставіла гарантый на $2,9 млрд.

ААТ "Белгазпрамбанк" створана ў 1990 годзе і з'яўляецца ўпаўнаважаным банкам групы "Газпрама" ў Беларусі. Расійскія кампаніі ААТ "Газпрам" і "Газпрамбанк" (Адкрытае акцыянернае таварыства) валодаюць пакетамі па 49,66 працэнта акцый банка, ААТ "Белтрансгаз" - 0,49 працэнта, Рэспубліка Беларусь у асобе Дзяржаўнага камітэта па маёмасці - 0,18 працэнта.
Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія