ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Нядзеля, 11 красавіка 2021
Мінск Малавоблачна +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 студзеня 2021, 13:13

"Беларуснафта" ўстанавіла ў 2020 годзе новы максімум пры бурэнні горных парод у беларускім рэгіёне

Фота  Neft.by
Фота Neft.by

25 студзеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Спецыялісты Светлагорскага ўпраўлення буравых работ (СУБР) "Беларуснафты" прабурылі за 2020 год больш за 164 тыс. м горных парод. Гэта максімальная праходка за ўсю гісторыю бурэння ў беларускім рэгіёне, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.

Першапачатковы план складаў 160 660 м. Павялічана і камерцыйная хуткасць - 1090 м на станок у месяц пры плане 943 м.

Асноўныя рэкорды прыпадалі на лета 2020 года, адзначылі на прадпрыемстве. Так, 12 ліпеня на свідравіне нумар 325 Рэчыцкага радовішча сутачная праходка склала 567 м. У той жа дзень СУБРаўцы абнавілі рэкорд сутачнай праходкі і па ўпраўленні - 1204 м. У цэлым ліпень мінулага года стаў для СУБРа самым рэзультатыўным: праходка склала 18 080 м.

"Амаль усё, што беларускія буравікі намецілі зрабіць, яны выканалі. Увялі ў эксплуатацыю другую мабільную буравую ўстаноўку АРС-250. Пачалі працаваць з верхнім сілавым прыводам на буравых устаноўках "Уралмаш 3Д-86". Правялі комплекс доследна-прамысловых выпрабаванняў сістэмы аўтаматызаванага кіравання бурэннем свідравін - САУБ-1", - удакладнілі ў прэс-службе. Гэтыя работы будуць прадоўжаны.

"Адна з самых значных падзей адыходзячага года - пачатак эксплуатацыі нашых буравых установак ад знешніх сетак энергазабеспячэння. Поўнасцю забяспечаны электрычнасцю АРС-250 на свідравіне нумар 302 Асташковіцкага радовішча і Drillmec у эшалонным выкананні на свідравіне нумар 19 Карташоўскай плошчы. Два расійскія "Уралмашы" на Паўночна-Даманавіцкім радовішчы падключаны часткова (дапаможнае абсталяванне і жылы гарадок)", - расказаў начальнік СУБРа Віктар Архіпенка.

У 2020 годзе СУБР прадоўжыў дааснашчаць свае буравыя ўстаноўкі.

Яшчэ адной важнай падзеяй у жыцці СУБРа стала адкрыццё музея буравікоў, прымеркаванае да 55-годдзя ўпраўлення, якое калектыў будзе святкаваць у 2021 годзе. Цяпер музей напаўняюць экспанатамі і віртуальнымі матэрыяламі.

Што датычыцца планаў, то ў бягучым годзе буравікі маюць намер яшчэ павялічыць праходку. Задача - прасвідраваць 169 990 м горных парод (132 960 м - эксплуатацыйнае бурэнне, 37 030 м - пошукава-разведачнае бурэнне) і 52 свідравіны.

Прадоўжыцца дааснашчэнне буравых брыгад усім неабходным абсталяваннем. Плануецца набыць буравы станок грузападымальнасцю 650 т з частотна-рэгулюемым прыводам. Актыўна маюць намер развіваць і праект па падключэнні буравых да сетак знешняга электразабеспячэння.

"Перад намі як буравым падрадчыкам ставяць задачу нарошчваць аб'ёмы бурэння. З 2021-га па 2025 год - да 210 тыс. м, прычым сіламі той жа, што і цяпер, колькасці буравых брыгад - 14. На мой погляд, 170 тыс. м бурэння горных парод у 2021 годзе - гэта той узровень праходкі, якога можна эфектыўна дасягнуць на існуючым абсталяванні, не страчваючы пры гэтым якасці і эканамічнай мэтазгоднасці", - перакананы Віктар Архіпенка.

Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў іншых краінах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі