Поўная версія

Беларускія вытворцы прадстаўляюць сваю прадукцыю на міжнароднай выстаўцы FILDA ў Анголе

Эканоміка 10.07.2019 | 16:44
Фота "Белінтэрэкспа"
Фота "Белінтэрэкспа"

10 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспазіцыя беларускіх вытворцаў Made in Belarus пачала работу на 35-й Міжнароднай шматгаліновай выстаўцы FILDA ў Луандзе (Ангола), паведамілі БЕЛТА ў выставачным прадпрыемстве "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

У экспазіцыі прымаюць удзел 12 кампаній, якія прадстаўляюць тэхніку і абсталяванне для сельскай гаспадаркі, горназдабыўной прамысловасці, камунальнага сектара, лекавыя прэпараты, прадукты харчавання і інгрэдыенты. Шэраг прадпрыемстваў працуюць ужо на ангольскім рынку, іншыя разлічваюць знайсці дзелавых партнёраў на выстаўцы.

Кампанія AFTRADE прадстаўляе на выстаўцы беларускія заводы "Амкадор", "Бабруйскаграмаш", "Гомсельмаш", "Лідаграпраммаш", "Лідсельмаш", Мінскі трактарны завод. AFTRADE сумесна са сваім ангольскім партнёрам OPAIA вядуць работу над стварэннем зборачнай вытворчасці беларускай тэхнікі на тэрыторыі Анголы пры падтрымцы ўрада Анголы.

Мінскі аўтамабільны завод дэманструе спецыяльную аўтатэхніку, прызначаную для эксплуатацыі ва ўмовах гарачага клімату. У экспазіцыі прадстаўлены бартавыя аўтамабілі, самазвалы, седлавыя цягачы для работы ў складзе аўтапаяздоў, тэхніка двайнога прызначэння, прычапная тэхніка, а таксама шырокая лінейка шасі пад ўстаноўку рознага абсталявання (сельскагаспадарчага, будаўнічага, камунальнага).

Лінейку размеркавальных масляных трансфарматараў для трапічнага клімату на выстаўцы прадстаўляе Мінскі электратэхнічны завод імя Казлова. Мінскі малочны завод нумар 1 дэманструе малочную прадукцыю, у тым ліку для дзіцячага харчавання. "Праймілк" прывёз у Анголу актуальныя для Афрыканскага кантынента функцыянальныя інгрэдыенты на аснове малочнай сыроваткі для харчовай і кармавой прамысловасці.

Шырокі асартымент лекавых сродкаў новага пакалення для лячэння цукровага дыябету, сардэчна-сасудзістых захворванняў, туберкулёзу, захворванняў неўралагічнага профілю і страўнікава-кішачнага тракта прапануе Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў. Вырабы медыцынскага прызначэння, аптэчкі першай дапамогі для аснашчэння транспартных сродкаў і для агульнага карыстання прадстаўляе айчынны вытворца "Чэфі".

Беларусі павільён сёння наведалі міністр сельскай гаспадаркі Анголы Маркуш Ньюнга, міністр дзяржаўнага і эканамічнага развіцця Мануэль Нуньес і міністр гандлю Жафрэ Ван-Дунем Джуніёр.

FILDA - буйнейшая выстаўка ў Паўднёвай Афрыцы. У бягучым годзе ў ёй прымаюць удзел больш за 720 кампаній з 21 краіны свету. Нацыянальныя экспазіцыі прадстаўляюць Бразілія, Германія, Ізраіль, Індыя, Інданезія, Кітай, Партугалія, Францыя, Японія і іншыя краіны. Чакаецца, што выстаўку наведаюць больш за 50 тыс. чалавек.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія