Поўная версія

Беларусь зацікаўлена ўдзельнічаць у інфраструктурных праектах Бангладэш - Мясніковіч

Эканоміка 29.10.2019 | 15:35
У час сустрэчы
У час сустрэчы

29 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Магчымасці рэалізацыі новых сумесных праектаў абмеркаваны на сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі, упаўнаважанага па супрацоўніцтве з Бангладэш Міхаіла Мясніковіча з паслом Бангладэш у Расійскай Федэрацыі і Беларусі (па сумяшчальніцтве) Сайфулам Хокам, які завяршае дыпламатычную місію ў Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты беларускага парламента.

Краіны маюць добрыя перспектывы для пашырэння супрацоўніцтва. "Нам неабходна ў большай ступені сканцэнтраваць увагу на інфраструктурных аб'ектах. Гэта праекты ў галіне транспарту, у тым ліку чыгуначнага, і электраэнергетыкі - лініі электраперадач, падстанцыі і гэтак далей", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Бангладэш рэалізуе значны праект па будаўніцтве ўласнай атамнай электрастанцыі. Работы вядуцца з прыцягненнем беларускіх спецыялістаў. Тут таксама ёсць рэзервы для развіцця партнёрства, дадаў старшыня Савета Рэспублікі.

Ён таксама звярнуў увагу на дадатную дынаміку развіцця беларускага экспарту ў Бангладэш. "Калі гаварыць аб задачах, якія нам удалося вырашыць, то, перш за ўсё, трэба сказаць аб тым, што адбыўся экспарт беларускай тэхнікі ў Бангладэш: кантракты на $50 млн мы ўжо маем, дакументы яшчэ на $17 млн ​​амаль падрыхтаваны. Акрамя таго, у рабоце знаходзяцца новыя экспартныя кантракты амаль на $100 млн", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Пры гэтым створаны беларускія сэрвісныя цэнтры ў Бангладэш, працуе фінансавая сістэма падтрымкі беларускага экспарту. На ўстойлівай аснове ў Бангладэш пастаўляюцца беларускія калійныя ўгнаенні.

Адначасова расце і імпарт з Бангладэш. Паводле слоў спікера, Беларусь гатова імпартаваць яшчэ больш, актыўней працаваць па такіх таварных пазіцыях, як скураныя вырабы і загатоўкі, тавары для дывановай прамысловасці".

У цэлым паміж Беларуссю і Бангладэш склаліся добрыя і даверныя адносіны, дынамічна развіваюцца палітычныя, эканамічныя, гуманітарныя сувязі. "У гэтым вялікая заслуга прэм'ер-міністра Бангладэш Шэйх Хасіны і ваша як пасла", - сказаў старшыня Савета Рэспублікі.

У час перагавораў разгледжаны пытанні супрацоўніцтва дзвюх краін у адукацыі і навуцы. Размова таксама ішла аб падрыхтоўцы візіту ў Беларусь Прэзідэнта Бангладэш, які запланаваны на наступны год.

Пасол падзякаваў Міхаілу Мясніковічу за агучаныя прапановы і ініцыятывы і выказаў упэўненасць у далейшым умацаванні двухбаковых адносін паміж краінамі. Ён таксама абазначыў перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння ў аграпрамысловым комплексе, сярод якіх - механізацыя сельскай гаспадаркі, селекцыя і іншыя.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія