Поўная версія

Беларусь выступае за сістэмнае супрацоўніцтва з ЕС па сертыфікацыі прадпрыемстваў-экспарцёраў

Эканоміка 04.10.2019 | 11:14
Фота з архіва
Фота з архіва

4 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь выступае за неабходнасць сістэмнага супрацоўніцтва ў сферы сертыфікацыі прадпрыемстваў-экспарцёраў і спрашчэння працэдур гандлю. Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка сёння ў час структураваных кансультацый Беларусь-ЕС, прысвечаных перспектывам "Усходняга партнёрства", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ключавое значэнне гандлю з Еўрапейскім саюзам і доступу на яго рынкі для эканомік краін-суседзяў неаднаразова прызнавалася ў дакументах Еўрасаюза. Для дзяржаў, як Беларусь, першачарговы інтарэс меў бы сістэмнае супрацоўніцтва ў сферы сертыфікацыі прадпрыемстваў-экспарцёраў, стандартызацыі, метралогіі, гарманізацыі ўзаемнага прызнання сістэм ацэнкі адпаведнасці тавараў, спрашчэнне працэдур гандлю", - сказаў Алег Краўчанка.

Намеснік міністра адзначыў, што Беларусь цалкам падтрымлівае нядаўнюю ідэю віцэ-прэзідэнта Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Вазіла Худака аб стварэнні матэрыяльных стымулаў для тых кампаній ЕС, якія ўключаюць партнёраў з Усходняй Еўропы ў свае вытворчыя ланцужкі.

На думку Алега Краўчанкі, карыснымі былі б і інструменты эканамічнай дыпламатыі: рэгулярныя абмены візітамі дзелавых колаў паміж краінамі ЕС і "Усходняга партнёрства", правядзенне рэгіянальных кірмашоў, інвестыцыйных форумаў для прыцягнення сродкаў ва ўзгодненыя паміж бакамі праекты.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія