Поўная версія

Беларусь і Расія абмяркоўваюць магчымасць адмены балансаў паставак прадуктаў харчавання - Хацько

Эканоміка 12.11.2019 | 13:39
Анатоль Хацько
Анатоль Хацько

12 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія абмяркоўваюць магчымасць адмены прагнозных балансаў попыту і прапанавання па пастаўках прадуктаў харчавання. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Анатоль Хацько ў час XXV Міжнароднай спецыялізаванай аптовай выстаўкі-кірмашу "Прадэкспа-2019", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Можа, будзе крыху зменены фармат гэтых балансаў з улікам таго, што плануецца падпісанне дарожных карт. Мы будзем бачыць, наколькі яны нам у цэлым будуць неабходныя", - сказаў Анатоль Хацько.

Паводле яго слоў, у бліжэйшы час плануецца сустрэча з міністрам сельскай гаспадаркі Расіі, на якой будзе абмяркоўвацца ў тым ліку гэта пытанне. "Усё магчыма. Мы рыхтуемся да такога механізма празрыстасці паставак. Яшчэ будзе абмеркаванне, але мы настройваем сябе на тое, што існуе магчымасць выключэння гэтых балансаў. Мы ўзгадняем нашу адзіную аграрную палітыку, і стаіць пытанне аб іх неабходнасці", - адзначыў міністр.

Пры гэтым цяпер бакі працуюць над балансамі паставак на 2020 год. "А па іх прыняцці будзем вызначацца на двухбаковай сустрэчы", - дадаў Анатоль Хацько.

"Каля 70 працэнтаў аб'ёму беларускага экспарту сельгаспрадукцыі прыпадае на расійскі рынак. У нас перыядычна ўзнікаюць праблемы, але мы стараемся іх вырашаць без урону для эканомікі нашых сельскагаспадарчай і перапрацоўчай галін, - сказаў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Дворнік. - Не бачу вялікіх складанасцей (у рабоце над дарожнай картай па паглыбленні інтэграцыі з Расіяй у сферы АПК. - Заўвага БЕЛТА). Сёння ідзе аптымізацыя, каб у нас былі адзінае разуменне і агульныя напрамкі развіцця ў гэтай сферы".

На пытанне аб тым, як ідзе работа над дарожнай картай, Анатоль Хацько адказаў: "Ідзе абмеркаванне і стыкоўка ўсіх нарматыўных дакументаў. Не буду гаварыць, што няма ніякіх праблем, але яны рабочыя, і мы іх вырашаем на двухбаковым узроўні".-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія