Поўная версія

Аўстрыйскія і беларускія эколагі абмеркавалі магчымасці ўстойлівай эканомікі і "зялёных" інвестыцый

Эканоміка 09.08.2019 | 17:28
Фота з архіва
Фота з архіва

9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аўстрыйскія і беларускія эколагі абмеркавалі магчымасці ўстойлівай эканомікі і "зялёных" інвестыцый. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў пасольстве Аўстрыі ў Беларусі.

У Мінску 8 жніўня адбылася сустрэча аўстрыйскага інжынера Фабіяна Хілперта з прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый. Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі распрацоўку канцэпцый устойлівай эканомікі.

"Змяненне клімату сёння з'яўляецца ключавой праблемай. Сучаснае пакаленне першым зведала на сабе імклівае павышэнне тэмператур па ўсім свеце і, хутчэй за ўсё, з'яўляецца апошнім пакаленнем, якое яшчэ можа эфектыўна змагацца з глабальным кліматычным крызісам, які набліжаецца", - адзначылі ў пасольстве.

Фабіян Хілперт азнаёміў спецыялістаў з праектам па распрацоўцы альтэрнатыўных крыніц энергіі і прыцягненні "зялёных" інвестыцый. Эксперт апісаў феномен "лічбавага качэўніцтва", калі з дапамогай інтэрнэту можна працаваць з любой краіны свету, арандуючы часовае жыллё і карыстаючыся рознымі сэрвісамі.

"Дакладчык акрэсліў кола праблем, звязаных з павелічэннем колькасці вуглякіслага газу на планеце, і назваў асноўныя метады кампенсацыі такіх выкідаў: будаўніцтва сонечных паркаў і пасадка новых лясоў, - расказалі ў дыпмісіі. - Заключная частка яго даклада была прысвечана прыкладам "зялёных" інвестыцый: развіццю экалагічных стартапаў, спалучэнню навукі і бізнесу".

У час сустрэчы была адзначана падабенства кліматычных умоў у Беларусі і Аўстрыі - краінах, якія маюць значны аграрны патэнцыял і зацікаўлены ў біярэсурсах.

Паводле інфармацыі пасольства, восенню Беларусь плануюць наведаць аўстрыйскія эксперты са сферы сельскай гаспадаркі.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія