Поўная версія

Удзельнікі "Школы "ТЭАРТа" створаць эскіз спектакля паводле Шэкспіра

Культура 25.09.2019 | 13:41
Фота з архіва
Фота з архіва

25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У "Школе "ТЭАРТа" ў Мінску будзе працаваць рэжысёрская лабараторыя пад кіраўніцтвам Дэні Майфера. Пастаноўшчыкі з 2 па 8 кастрычніка створаць эскіз спектакля паводле Шэкспіра, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

З трынаццаці заявак ад рэжысёраў было адабрана шэсць. "У кожнага з выбраных удзельнікаў ёсць уласны вопыт у тэатральнай сферы. Сярод іх як ужо сталыя рэжысёры, так і тыя, хто толькі скончыў акадэмію мастацтваў. Ёсць нават не рэжысёры, а драматургі, як, напрыклад, Віталь Каралёў, які гледачам знаёмы па п'есе "Опіум". Усе яны атрымаюць магчымасць папрацаваць з вопытам Дэні Майфера, прафесіянала з іншай методыкай, што пашырае светапогляд", - расказаў куратар "Школы "ТЭАРТа" Аляксандр Марчанка.

Швейцарскі пастаноўшчык і педагог Дэні Майфер асноўную ўвагу ўдзеліць рэжысёру і яго бачанню п'есы. На працягу шасці дзён удзельнікі будуць працаваць над эскізам спектакля паводле п'есы "Рычард IIІ" Уільяма Шэкспіра. Па выніках лабораторыі пройдзе публічны паказ работ.

Удзельнікамі лабараторыі стануць: рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Алена Медзякова, рэжысёр спектакля Liebfraumilch Яўгенія Давідзенка, рэжысёр перфоманса EXIT Лізавета Машковіч, рэжысёр незалежных тэатральных праектаў Марыя Таніна, рэжысёр Брэсцкага абласнога тэатра лялек і ўладальнік "Залатой маскі" за спектакль "Тоўсты сшытак" Аляксандр Янушкевіч, драматург і аўтар п'ес "Опіум" і "Участковыя, або Пераадольвальнае супрацьдзеянне" Віталь Каралёў.

ІХ Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЕАРТ" праходзіць у Мінску з 20 верасня па 8 кастрычніка пад слоганам "Канцэнтрат". Арганізатары форуму - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн", Белгазпрамбанк, "Газпрам трансгаз Беларусь". Форум праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры і Мінгарвыканкама.-0-

Навіны рубрыкі Культура
Поўная версія